Фот з архіва "РГ"

Сёння, 30 кастрычніка, тэрапеўтычнае аддзяленне ў Вілейскай ЦРБ на 45 ложкаў перапрафілявалі ў інфекцыйнае. Тут будуць лячыць хворых на цяжкую пнеўманію і хваробу сярэдняй цяжкасці. Раней такія хворыя лячыліся ў перапрафіляваных аддзяленнях іншых раёнаў.

Пра тое, якая сітуацыя на Вілейшчыне з сезоннымі прастуднымі захворваннямі і COVID-19, якую прафілактыку ладзяць у раёне, каб знізіць распаўсюджванне каронавіруса, мы распыталі галоўнага доктара бальніцы Ірыны Макаравай.

– Цяпер назіраецца рост вірусных інфекцый. Гэта звычайная сітуацыя для восені. Што да каронавіруса, мы маем таксама невялікі рост у раёне. Аднак сітуацыя пад кантролем. Работнікі Вілейскай ЦРБ і раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі стараюцца як мага раней заўважыць захварэлых, працуюць з кантактамі першага ўзроўню, – тлумачыць Ірына Паўлаўна.

Якую прафілактыку праводзяць у медустановах

Як расказала галоўны доктар у ЦРБ праводзяць наступныя прафілактычныя меры, каб знізіць распаўсюд каронавіруса:

  • у бальніцы і паліклініцы раздзяляюць пацыентаў на «чыстых» і пацыентаў з прыкметамі ВРВІ, павышанай тэмпературай;
  • на ўваходзе медсястра павінна апытаць кожнага чалавека пра яго стан, змерыць тэмпературу. Калі падчас такога агляду з’яўляецца падазрэнне на інфекцыю, пацыента накіроўваюць у інфекцыйныя кабінеты праз асобны ўваход у паліклініку. У інфекцыйных кабінетах атрымліваюць дапамогу хворыя на пнеўманію і ВРВІ, якім не патрэбная шпіталізацыя

Інфекцыйныя кабінеты працуюць ад 8.00 да 20.00

Адміністрацыя бальніцы штодзень ацэньвае сітуацыю па захворваннях. Калі з’яўляюцца чэргі, то павышаецца колькасць работнікаў у інфекцыйных кабінетах і падаўжаецца час працы. Так, на сёння інфекцыйныя кабінеты працуюць ад 8.00 да 20.00, прымаюць тры доктары, а фельчар-лабарант на працягу ўсяго працоўнага дня бярэ аналізы.

Па Вілейшчыне створаныя чатыры кантактныя групы. Адна працуе ў горадзе, тры – на раёне. Медработнікі абследуюць, назіраюць і аказваюць меддапамогу хворым з каронавіруснай інфекцыяй і кантактам першага ўзроўню на даму.

– Усе аддзяленні бальніцы, акрамя інфекцыйнага, працягнуць працаваць у штатным рэжыме, – падсумавала галоўны доктар.

Экспрэс-тэст на наяўнасць каронавіруса па-ранейшаму можна здаць на платнай аснове ў Вілейскай ЦРБ.

 

 

• Текст доступен на языке: Русский