Фота Habr.

Днямі да нас у рэдакцыю прыйшоў маладзечанец Мікалай. Мужчына падзяліўся сваёй праблемай: ужо некалькі месяцаў ён не карыстаецца карткай «Беларусбанка», а на тэлефон штомесяц прыходзяць паведамленні аб яе аплаце.

Маладзечанец: Не разумею, чаму павінны плаціць

– Калі яшчэ працаваў, замовіў у банку пластыкавую картку. Недзе месяцаў пяць атрымліваў на яе грошы. Потым з працы звольніўся. Картку паклаў дома. Заробак туды не ішоў. І раптам на мабільнік прыходзіць паведамленне: «Запазычанасць 1.39». Думаю, за што? Пайшоў у банк, у адзін з філіялаў. Там растлумачылі, што ў мяне картка платная. Раней абслугоўваўся ў іншых банках. Нідзе такога не было. Я сказаў, што плаціць не буду, бо на картцы няма грошай. На працу пакуль не ўладкаваўся, беспрацоўны ўжо восем месяцаў. Быў на біржы, там прапануюць працу за 375 рублёў. Картка дзейнічае яшчэ

пару год. Мне налічылі, што плаціць за ўвесь час прыйдзецца больш за 17 рублёў. Я аддаў гэту картку ў банк. Ахоўнік дагнаў і хацеў аддаць яе мне назад. Але я не ўзяў. Потым прыйшло на тэлефон паведамленне, што мая картка знаходзіцца ў банку на Прытыцкага, – падзяліўся Мікалай.

Мужчына не разумее, чаму ён павінны плаціць за картку, калі не карыстаецца ёй.

Банк: Падпісаўшы дагавор, кліент пагаджаецца з умовамі

За каментаром мы звярнуліся ў прэс-службу «Беларусбанка». Вось такі адказ атрымалі.

Згодна з артыкулам 22 Банкаўскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, банк узаемадзейнічае з кліентамі на аснове банкаўскага заканадаўства і заключаных дагавораў. Банкаўская аплатная картка – гэта ўніверсальны плацежны інструмент. Сюды залічваюць заробкі, пенсіі, дапамогі. Яна ж выкарыстоўваецца для аплаты тавараў і паслуг. Аплата за абслугоўванне картак спагаяецца ў адпаведнасці са Зборнікам узнагароджанняў за аперацыі, якія выконваюцца ААТ «АСБ Беларусбанк».

Выкарыстанне карткі рэгулюецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, лакальнымі прававымі актамі банка, заключанымі паміж банкам і кліентам дагаворам, а таксама ўмовамі прадастаўлення, абслугоўвання і выкарыстання асабістай карткі банка.

Падпісаўшы дагавор, кліент пагаджаецца з умовамі. Умовы вызначаюць, што грошы за абслугоўванне карткі спаганяюцца банкам пры афармленні карткі, а таксама штомесяц або штогод ва ўстаноўленых банкам памерах. Калі грошай на картцы дастаткова, аплата з рахунка кліента спісваецца ў апошні працоўны дзень месяца. Калі кліент жадае скасаваць дагавор па ўласнай ініцыятыве да заканчэння тэрміну дзеяння карткі, узнагароджанне за яе абслугоўванне, якое падлягае штомесячнай выплаце, кліент выплачвае аднаразова за ўвесь пакінуты перыяд дзеяння карткі.

Спрэчкі і рознагалоссі, якія могуць паўстаць па дагаворы або ў сувязі з ім, вырашаюцца шляхам перамоў паміж бакамі. Калі ж бакі не дасягнуць згоды, то ў судзе.

• Текст доступен на языке: Русский