«Цяжка жыць без аднаго члена сям’і, а без двух – немагчыма» – так напісаў на сваёй старонцы ў сацсетках 14-гадовы Сяргей. Ужо амаль месяц, як мамы хлопчыка няма сярод жывых, а тата знаходзіцца пад следствам. Яго падазраюць у забойстве мамы. Сярожа цяпер жыве ў Мінску ў сваякоў, пайшоў у новую школу, прывыкае.

Трагедыя здарылася ў адной з вёсак Маладзечанскага раёна гэтай восенню. Як напісана ў афіцыйным паведамленні Следчага камітэта

Беларусі, ноччу супрацоўнікі крымінальнага вышуку затрымалі 38-гадовага вяскоўца, якога падазраюць у забойстве сваёй 35-гадовай жонкі. Забойства здарылася ў двары знаёмага. Аб здарэнні на лінію 102 паведаміў 41-гадовы мясцовы жыхар, які ўбачыў жанчыну ў лужыне крыві без прыкмет жыцця ў суседскім двары.

Сястра загінулай: Пра смерць даведаліся ад знаёмых

Сваімі перажываннямі і думкамі пра тое, чаму так адбылося, з намі падзялілася сястра загінулай, Таццяна, якая жыла з ёй у адной вёсцы.

– Крыўдна да слёз было чытаць афіцыйнае паведамленне Следчага камітэта. Канешне, праблемы з алкаголем сястра мела. Але яна не была беспрацоўнай, як паведамляе афіцыйная інфармацыя, і ўвогуле не баялася працы. Штодзень ездзіла на рынак «Лябяжы», працавала ў кафэ. Толькі ў панядзелак быў выхадны. А муж яе сапраўды не працаваў доўгі час. Толькі апошні месяц яна неяк угаварыла яго ўладкавацца на працу, і яны ездзілі разам. Сёлета ў сакавіку сястра падала на аліменты, але так і не дачакалася іх.

Абураная жанчына і тым, што пра страшнае здарэнне даведалася не ад міліцыі, а ад знаёмых у вёсцы. «Праз  арафаннае радыё», адзначае суразмоўца:

– Некалькі дзён былі не на сувязі з сястрой. Яна згубіла мабільнік летам у лесе, а новы не купіла. Трагедыя здарылася позна вечарам у пятніцу. А я даведалася бліжэй да дзесяці раніцы, у суботу. Мне патэлефанаваў сын і сказаў: «Каця – у моргу, яе муж – у турме». Я, канешне, не паверыла. Была ўпэўненая, што такія навіны міліцыя павінна паведамляць. Ды і цяпер пра ход расследавання мне, бліжэйшай сваячцы, нічога не кажуць.

Усё яшчэ не верачы ў жахлівае, мая суразмоўца набрала нумар міліцыі і спытала ў дзяжурнага, дзе яна можа адбылася трагедыя. – Далі нейкі нумар. Я патэлефанавала, расказала сітуацыю. Адразу няветліва спыталі, навошта мне гэта ведаць. Сказала, каму, як ні мне, я ж родная сястра. Тады інфармацыю пацвердзілі, – прыгадвае Таццяна падзеі той суботы.

Сын аднолькава любіў і маму, і тату

Нязгодная Таццяна і з тым, што сястра не глядзела дзіця:

– Яна ўвесь час казала сыну, каб вучыўся. Сварылася, калі не рабіў урокі, па магчымасці правярала дамашняе заданне. Часам нават злавала, што дзіця не слухаецца. А сын часта слухаў больш тату. Цягнуўся да тэхнікі, корпаўся разам з бацькам ля матацыкла і трактара, хадзіў на рыбалку. Часам тата з сынам і ўрокі рабіў, – прыгадвае суразмоўца. – У мяне складваецца ўражанне, што сястра цярпела дзеля сына, які любіў бацьку. Яны некалькі разоў разыходзіліся, але праз нейкі час сыходзіліся з-за дзіцяці. Сын хацеў жыць і з татам, і з мамай. Праўда, калі стаў больш дарослым, часам мог заступіцца за маму перад бацькам.

Па словах Таццяны, муж неаднаразова падымаў руку на яе сястру. Часам пасля пабояў жанчына нават ляжала ў бальніцы. Пасля аднаго з такіх разоў вярнулася з бальніцы і пайшла жыць на кватэру. А праз нейкі час муж сам прыйшоў да яе. І ўсё пачалося наноў.

– І я як старэйшая сястра, і знаёмыя не раз казалі Каці, каб сыходзіла ад мужа. Але яна не асабліва слухала нас, – дзеліцца суразмоўца.

Чаму здарылася бяда

Мая суразмоўца не адмаўляе, што сям’я сястры мела праблемы з алкаголем. Усё пачыналася паступова:

– Адзін дзень – трохі вып’е, другі… А жанчыне шмат не трэба. Калі Сярожы было чатыры гады, яго забіралі з сям’і. Бацькам казалі закадзіравацца і падаць даведкі. Тады дзіця вярнулі. Але пасля кадзіроўкі сястра пачала піць яшчэ больш.

Цяпер мая суразмоўца часта думае пра тое, чаму адбылося жахлівае. І адказ у жанчыны адзін – прычына, перш за ўсё, у алкаголі:

– Так, муж на сястру не раз падымаў руку. Магчыма, і цяпер думаў: паб’ю, як звычайна, і ўсё абыдзецца. Не абышлося. Хутчэй за ўсё, каб сястра была цвярозая, каб у свой час рашылася сысці ад мужа, гэтага б не здарылася. Не зусім разумею і тых сведак, якія бачылі, што чалавека забіваюць, а не ўмяшаліся.

У любым выпадку, сястру не вярнуць. А ўся гэта гісторыя, магчыма, паслужыць некаму ўрокам.

• Текст доступен на языке: Русский