У апошні час у Беларусі шмат абмяркоўваюць магчымасць змянення Канстытуцыі. Папраўкі прапанаваў Лукашэнка пасля выбараў, але яшчэ на пачатку выбарчай гонкі пра новую Канстытуцыю гаварыў Віктар Бабарыка.

Беларускую павестку па канстытуцыйных папраўках падхапілі расійскія прапагандысты. «Рэгіянальная газета» расказвае, чаму расійскаму боку выгадныя хуткія папраўкі і пры чым тут Саюзная дзяржава.

Што такое Канстытуцыя і навошта яна патрэбная

Канстытуцыя – гэта Асноўны закон дзяржавы, у якім змяшчаюцца асновы палітычнай, прававой і эканамічнай сістэм краіны. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыдычную сілу.

Канстытуцыі з’яўляюцца асновай кіравання практычна ва ўсіх грамадствах па ўсім свеце.

Яны адначасова ствараюць, пашыраюць магчымасці і абмяжоўваюць інстытуты, якія кіруюць грамадствам. Пры гэтым яны цесна звязаныя з даваннем грамадскіх даброт, таму Канстытуцыю лічаць дамовай паміж дзяржавай і грамадствам. У ёй выкладаюцца галоўныя правілы жыцця грамадства, якое яно для сябе абрала.

У сучаснай Беларусі дзейнічае Канстытуцыя 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 1996 і 2004 гадоў. У 1996 годзе істотная частка змен закранала пераразмеркаванне паўнамоцтваў на карысць выканаўчай улады і прэзідэнта. На рэферэндуме 1995 года было пытанне «Ці згодныя Вы з наданнем рускай мове роўнага статуса з беларускай?». А дзяржаўны статус руская мова атрымала пасля змянення Канстытуцыі ў 1996 годзе.

Чаму цяпер у Беларусі хочуць змяніць Канстытуцыю

У Беларусі актыўна абмяркоўваюць будучыню Канстытуцыі. Кандыдат у кандыдаты ў прэзідэнты Віктар Бабарыка выступаў за новую Канстытуцыю з падзелам улад, як было ў Канстытуцыі 1994 года.

Аляксандр Лукашэнка некалькі гадоў выказваецца пра змяненні да Канстытуцыі. Аднак ён лічыць, што нельга вяртацца да Асноўнага закону ўзору 1994 года.

Цяпер прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка сцвярджае, што Усебеларускі сход, на якім будуць абмяркоўваюць папраўкі, пройдзе ў першыя месяцы 2021 года.

Хуткую падрыхтоўку палітолагі звязваюць з ціскам з боку Расіі. Па меркаванні палітолага Валера Карбалевіча, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін не хоча, каб Лукашэнка сышоў з пасады ў выніку пратэстаў, якія не сціхаюць у Беларусі ўжо трэці месяц. А вось зыход беларускага калегі ў выніку канстытуцыйнай рэформы – гэта іншая справа.

Таму прарасійскія медыя актывізаваліся і шмат пішуць пра дзеючую беларускую Канстытуцыю, пра неабходнасць яе змены.

Асаблівая роля Расіі ў беларускай Канстытуцыі

На інтэрнэт-рэсурсе sonar2050 Васіль Калташоў піша, што ў Беларусі трэба змяняць Канстытуцыю, таму што яна цяпер не працуе для народа, прэзідэнцкія паўнамоцтвы значна абмяжоўваюць дзейнасць парламента. Галоўны пасыл артыкула – змяненні ў беларускай Канстытуцыі патрэбныя для пашырэння расійска-беларускіх адносін, а менавіта для паглыблення інтэграцыі і развіцця Саюзнай дзяржавы.

«Зусім асаблівым і вельмі важным у цяперашніх умовах «артыкулам» новай Канстытуцыі павінна стаць еўразійскае супрацоўніцтва», – піша Калташоў.

Расійскі аўтар прапаноўвае, каб у галоўным беларускім прававым акце прапісаць асаблівую ролю Саюзнай дзяржавы.

Трэба адзначыць, што ў расійскай Канстытуцыі такіх артыкулаў няма. Наадварот, пасля паправак у ліпені 2020 года да Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі дадалі, што ўнутрыдзяржаўныя акты маюць мацнейшую юрыдычную сілу за міжнародныя дамовы.

«Змена Канстытуцыі Беларусі цяпер – гэта зусім не пытанне змякчэння сацыяльна палітычнага крызісу ў краіне. Гэта магчымасць задаць на ўзроўні вышэйшага прававога акта новую траекторыю развіцця», – сцвярджае Калташоў.

Калташоў прызнае, што трохмесячныя пратэсты ў Беларусі з’яўляюцца сацыяльна-палітычна крызісам, аднак Канстытуцыя – гэта не сродак, які можа гэты крызіс спыніць. Пад новай траекторыяй развіцця Калташоў мае на ўвазе паглыбленне адносін з Расіяй, аб чым піша далей у артыкуле.

«Аднак цяпер трэба не толькі задаволіць розныя дэмакратычныя і прававыя запыты грамадства, адсякаючы пры гэтым розных заходніх марыянетак, але і адкрыць для цяперашняй дзяржавы дарогу развіцця. А гэта магчыма толькі разам з Расіяй, у адзінстве народа і эканомікі абедзвюх дзяржаў».

Аўтар разбурае эфектыўнасць шматвектарнай міжнароднай палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, аб чым кажа і ў пачатку, і напрыканцы артыкула.

Па меркаванні Калташова, адзіная будучыня Беларусі – гэта палітычны і эканамічны саюз з Расіяй. Менавіта ў шматвектарнасці Калташоў бачыць памылку Лукашэнкі ва ўнутранай палітыцы.

«І калі ідэя збліжэння Расіі і Беларусі атрымае перавагу ў праекце новага асноўнага закона, калі яна будзе компасам працэсу ў яго напісанні, то будзе лагічна многае пазычаць з Канстытуцыі Расіі», – завяршае Калташоў.

У расійскай Канстытуцыі ў ліпені былі ўнесеныя значныя змяненні. Напрыклад, прэзідэнт атрымаў большыя паўнамоцтвы. А ў артыкуле Калташоў наадварот заяўляе, што інстытут прэзідэнцтва з такімі шырокімі паўнамоцтвамі значна шкодзіць Беларусі.

Калташоў неаднаразова падкрэслівае недахопы беларускай Канстытуцыі, аднак у расійскай Канстытуцыі гэтыя «недахопы» ўнеслі ў новую рэдакцыю ў гэтым ліпені.

Агулам сэнс публікацыі прапагандыста – справакаваць паглыбленне інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй на ўзроўні асноўнага закона краіны.