Майстар з творам.

Год таму ў курортны пасёлак Нарач прыехаў адпачываць турыст  са Смаленшчыны. Неяк мужчына звярнуў увагу на драўляную скульптуру старажытнага бога Вялеса, якая ўпрыгожвае тэрыторыю аднаго з гатэляў.

Распытаў у местачкоўцаў, што за майстар рабіў яго. Тыя падказалі – Юрась Камандзірчык. Знайшоўшы майстра, турыст звярнуўся да яго з адной просьбай. І восенню яшчэ адзін драўляны Вялес ад Камандзірчыка прыехаў на Смаленшчыну. Уласны твор скульптар сам даставіў на месца на легкавіку з прычэпам.

Вялес едзе на Смаленшчыну.

Днямі Юрась Камандзірчык расказаў карэспандэнту пра сваіх Вялесаў і, увогуле, пра персанажаў дахрысціянскай міфалогіі ў сваіх творах.

Двух Вялесаў скульптар цяпер называе пабрацімамі. Зробленыя яны з дуба. Па словах майстра, для садова-паркавай скульптуры гэты матэрыял самы прымальны. Ён дакладна праслужыць некалькі дзесяцігоддзяў, а можа, і стагоддзяў, калі пад добрым дахам.

У свой час Юрась Камандзірчык зацікавіўся дахрысціянскай міфалогіяй нашых продкаў. Майстра вельмі кранула, што яны верылі сілам прыроды, Ярылу, Перуну. Мелі свой, дахрысціянскі, пантэон багоў. У гэтым пантэоне Вялес быў апекуном мудрасці і багацця, абаронцам спачатку дзікіх, а потым свойскіх жывёл.  Таму жывёлы на абедзвюх скульптурах – побач з богам.

– Вядома, што Вялес быў знаўцам розных чараў. Мяне вельмі натхніў вобраз Вялеса, створанага графіцістам Паўлам Татарнікавым. У яго бог – з доўгай сівой барадой і іграе на дудзе. У мяне свой Вялес, але дуда і барада засталіся.

Акрамя Вялеса, ёсць Анёл, Купалінка і Пярун

Вялес – не адзіны персанаж веры нашых продкаў, да якога вярнуўся майстар. З-пад рукі майстра ў свой час выйшла Купалінка – як увасабленне старажытнага дахрысціянскага свята яна стаіць у пасёлку. А на Блакітных азёрах ёсць драўляны Пярун.

Пярун.

– Цікава тое, што той Пярун зроблены з дуба з Астравеччыны, у які некалі трапіла маланка, – адзначае майстар.

Купалінка.

На Блакітных азёрах ёсць і скульптура Анёла. Згодна са старажытным паданнем, ён прызямліўся тут, на Лысай гары. Убачыў слуп, абвязаны вышыванкай са старажытнымі дахрысціянскімі сімваламі, і прысеў. Скульптура называецца «Повязь часоў».

Скульптура “Повязь часоў”.

А яшчэ вакол драўляных твораў мядзельскага майстра ўзнікаюць новыя паданні. Каля аднаго з гатэляў стаіць скульптура «Дрэва жыцця» – жанчына з немаўлём на руках – сімвал працягу людскога роду. Тут жа – радкі Генадзя Бураўкіна і далонь з яблыкам.

Турыстам, якія прыязджаюць на Мядзельшчыну, расказваюць: той, хто патрэ яблык, абавязкова знойдзе каханне. І яблык ужо вельмі добра адпаліраваны, адзначае спадар Юрась.

“Дрэва жыцця”.

• Текст доступен на языке: Русский