Карэспандэнты «Рэгіянальнай газеты» паглядзелі, ці адбываюцца ў Вілейцы нядзельныя пратэстныя акцыі. Разам з жанчынамі з бел-чырвона-белымі шарыкамі мясцовых міліцыянераў зацікавілі і нашы журналісты.

У вілейскім парку ля плошчы, дзе ў нядзелю праходзіў кірмаш, гуляюць дзеці з бацькамі, ходзяць нешматлікія мінакі. У цэнтры парка ля помніка стаяць лампадкі белага і чырвонага колераў.

Цэнтр горада патрулююць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, разам з мужчынамі ў форме ходзяць і жанчыны-міліцыянеры. Міліцыянеры былі без масак і балаклаў – у Маладзечне, наадварот, многія супрацоўнікі закрываюць твар.

У аднаго з супрацоўнікаў Вілейскага РАУС у руках відэакамера — на яе ён здымае людзей, у якіх іншы сілавік правярае дакументы, яшчэ ў адной жанчыны ў форме ў руках сшытак, куды запісваюць дадзеныя прысутных.

Увагу вілейскіх міліцыянераў працягнулі жанчыны, што шпацыравалі па парку і трымалі ў руках белыя і чырвоныя шарыкі. Калі жанчыны спыніліся, да іх у хуткім часе падышлі супрацоўнікі. Міліцыянеры патрабавалі іх назвацца. Жанчыны спрабавалі высветліць, навошта гэта патрэбна. Прадстаўнікі вілейскай міліцыі сказалі, што пасля высвятлення асобы жанчын адпусцяць.

Пасля невялічкай гутаркі міліцыянеры ўсё ж даведаліся дадзеныя дзяўчат, а яшчэ двух забралі на прафілактычную гутарку. Таксама жанчынам рэкамендавалі схаваць шарыкі.

Потым міліцыянеры вырашылі спраўдзіць дадзеныя журналістаў: імёны, даты і месца нараджэння. Гэтыя дадзеныя запісалі ў сшытак, пасля іх па тэлефоне дыктаваў адзін з міліцыянераў.

— Зараз будзем вырашаць, што з вамі рабіць.

Па словах міліцыянера, які знаходзіўся з нашымі карэспандэнтамі, гэта робяць таму, што ў іншых гарадах сілавікі затрымліваюць журналістаў. Нашы карэспандэнты спрабавалі даведацца, ці затрымаюць іх. На што адназначнага адказу не атрымалі. Міліцыянер паведаміў, што журналісты павінны знаходзіцца ў 50 метрах ад пратэстнай акцыі на падставе нейкага загада, падрабязнасці якога не расказаў.

 

Праз 10-15 хвілін нашых журналістаў паставілі на фоне пустой пляцоўкі ў парку, знялі на відэакамеру і на мабільны тэлефон, а потым адпусцілі.

У парку працягнулі шпацыраваць людзі сярод міліцыянераў.