Сёння, 3 лістапада, на Усходніх могілках у Мінску перапахавалі беларускага пісьменніка Змітрака Бядулю (Самуіла Плаўніка). Развітанне адбывалася ў музеі «Беларуская хатка». 

Пісьменнік памёр, калі ехаў з сям’ёй у эвакуацыю, 3 лістапада 1941 года. Быў пахаваны на могілках у горадзе Уральску, у Казахстане. У лютым парэшткі творцы эксгумавалі, каб перазахаваць на радзіме. Пісьменнік быў звязаны з нашым рэгіёнам. У канцы 19-пачатку 20 стагоддзя ён вучыўся на рабіна – яўрэйскага святара – у Даўгінаве і  Ільі.

Труна з парэшткамі пісьменніка сёння стаяла ў музеі – хаце на вуліцы Рабкораўскай. У гэтай хаце, што належала настаўніку Саву Рэдзьку, на працягу 1916-1919 гадоў, кватаравалі Змітрок Бядуля, Максім Багдановіч, Зоська Верас, Язэп Лёсік. Частымі гасцямі былі Аркадзь Смоліч і Уладзіслаў Галубок.

Справа – сын Змітрака Бядулі, Яфім Плаўнік.

Ініцыятыва перапахавання належыць сыну Змітрака БядуліЯфіму Самуілавічу. Ён жыве ў Мінску і ўжо не можа лятаць на бацькаву магілу.

– Сёння ў мяне супрацьлеглыя пачуцці, – падзяліўся з карэспандэнтам Яфім Самуілавіч. –  З аднаго боку радасна, што прах бацькі цяпер на радзіме. З іншага боку сумна, бо хаваю яго другі раз. Калі бацьку хавалі, мне было сем год.

Яфім Самуілавіч адзначыў, што ведае пра перыяд жыцця Бядулі, звязаны з Вілейшчынай. Аднак успамінаў ад яго пра Ілью і Даўгінава не чуў. На пытанне, якія з твораў бацькі падабаюцца найбольш, адказаў, што вершы і аповесць «Салавей».

На цырымоніі пахавання прысутнічалі пісьменнікі, журналісты, прыхільнікі творчасці паэта.

– Сёння я тут, бо Змітрок Бядуля ў свой час аказаў вялікі ўплыў на мяне. Некалькімі абзацамі ён мог намаляваць Беларусь так, што ў яе нельга не закахацца. Гэта быў сапраўдны майстра і, як заўжды, недаацэнены, – расказаў карэспандэнту «Рэгіянальнай газеты» журналіст, пісьменнік і бард Зміцер Бартосік. – Першы раз з творчасцю Бядулі я пазнаёміўся ў Ніжнім Ноўгарадзе ў канцы 1970-ых. У маёй бабулі было шмат розных кніг. На адной вокладцы я ўбачыў абсалютна незразумелае рускаму вуху імя і прозвішча – Змітрок Бядуля. Спытаўся ў мамы, што гэта за пісьменнік. Тая здзівілася: як гэта ты не ведаеш Змітрака Бядулю?

Пры гэтым Зміцер Бартосік – рускі па нацыянальнасці. І беларускіх каранёў не мае. Кніга, знойдзеная ў бабуліным доме, – гэта пераклады твораў Бядулі для дзяцей на рускую мову выдавецтва «Детгиз», выдадзеная ў канцы 1940-ых у друкарні імя Сталіна.

Крыж падпісалі па-руску.

Пасля развітання труну з прахам Змітрака Бядулі пад песню «Магутны божа» вынеслі з музея і перазахавалі на Усходніх могілках.

Каля музея імянныя лаўкі людзей, звязаных з гэтай хатай. Сярод іх – лаўка Змітрака Бядулі.

Нагадаем, што будучы пісьменнік па жаданні бацькі вучыўся ў ільянскім ешыбоце на яўрэйскага святара (рабіна) ад 1899 да 1901 год. Сюды ён перайшоў з даўгінаўскага ешыбота, бо ад Ільі да роднай вёскі Пасадзец, што на Лагойшчыне, было бліжэй і зручней дабірацца. У Ільі разам з іншымі прыезджымі навучэнцамі Самуіл харчаваўся ў сем’ях мясцовых яўрэяў.

Ад 2016 года ля Ільянскай школы імя Грымаця стаіць памятны камень з мемарыяльнай дошкай.

Наведнікі спяваюць “Магутны божа”.
На Усходніх могілках.
Яфім Плаўнік. Калі памёр бацька, яму было сем год.
Размовы пра творчасць Змітрака Бядулі.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский