Агонь пашкодзіў пасцель. Фота забяспечанае Валянцінай Сопат.

Другога лістапада ў 16:25 у ГРАНС Маладзечна паведамілі пра загаранне кватэры шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Францыска Скарыны ў Маладзечне. У службу выратавання звярнулася жанчына, якая праходзіла міма і ўбачыла дым з акна кватэры на 8 паверсе дзевяціпавярхоўкі.

Калі выратавальнікі прыбылі да месца выкліку, у кватэры было шчыльнае задымленне. У адным з пакояў гарэла пасцель.

У кватэры было двое дзяцей, паўтара і трох гадоў: малодшы спаў у суседнім пакоі, старэйшы знаходзіўся ў калідоры. Пакінуць кватэру самастойна дзеці не маглі, бо ўваходныя дзверы былі зачыненыя.

Дарослых у кватэры не было.

На месцы здарэння. Фота забяспечанае Валянцінай Сопат.

Работнікі МНС выратавалі дзяцей. Тыя былі ў свядомасці. Іх перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. У бальніцу дзеці паехалі ўжо ў суправаджэнні маці, якая прыйшла на месца здарэння. Прычына пажару высвятляецца, расказалі ў ГРАНС Маладзечна.

Гарэла кватэра на восьмым паверсе. Фота забяспечанае Валянцінай Сопат.

МНС папярэджвае: прычынай многіх надзвычайных сітуацый з’яўляецца безадказнасць чалавека і невыкананне правілаў пажарнай бяспекі. Не грэбуйце жыццёва важнымі правіламі. Не пакідайце дзяцей адных без нагляду. У выпадку пажару і іншых надзвычайных сітуацый неадкладна тэлефануйце па тэлефонах 101 ці 112, не забываючы ўказваць адрас і месца пажару.

• Текст доступен на языке: Русский