Урачыстасць па ўзнагароджанні конкурсу малюнкаў адбылася на ганку бібліятэкі «Верасок» у аўторак, 3 лістапада.

Ад 18 верасня да 3 лістапада маладзечанская бібліятэка імя Максіма Багдановіча ладзіла мерапрыемствы ў межах культурных і адукацыйных праграм аб Германіі. Мерапрыемствы адбываліся ў партнёрстве з Амбасадай Германіі ў Беларусі.

У гэтым годзе ў межах сумеснага праекта адбылося некалькі актыўнасцяў, сярод іх конкурс малюнкаў «Ілюстрацыі да твораў нямецкіх аўтараў для дзяцей». У межах праекта ладзілі таксама агляды нямецкай літаратуры для дзяцей і падлеткаў, а таксама літаратурныя гасцёўні «Творчасць Отфрыда Пройслера» і «Самыя дзіўныя куткі Германіі».

скрыпка

Каб узнагародзіць пераможцаў конкурсу малюнкаў, бібліятэка зладзіла свята. Атмасферу ўрачыстасці задалі скрыпачы Вольга Козік і Валянціна Сцяпанава.

Усяго ў конкурсе ўдзельнічала 39 школьнікаў – вучні маладзечанскай мастацкай школы і санаторнай школы-інтэрната №1. Кожны з удзельнікаў атрымаў падарункі, фінансаваныя Амбасадай Германіі ў Беларусі. Некаторыя ўдзельнікі атрымалі адметныя падарункі – з выявай свайго малюнка на значку або палатнянай торбе.

Пераможцаў абіралі мастакі, на свяце ад імя журы выступіў Рыгор Мяжуеў. Мастак адзначыў, што працы былі арыгінальныя, і абіраць пераможцаў было не проста.

Таксама заклікаў школьнікаў працягваць маляваць, таму што «толькі ў творчасці чалавек бывае свабодным».

Сярод школьнікаў 10-12 год першае месца ўзяла Вераніка Мацюк з працай «Маленькі вадзяны», другое – Яна Пагуда таксама з працай на твор «Маленькі вадзяны». Трэцяе месца падзялілі Яна Фалько з творам «Маленькая баба Яга» і Дар’я Ісакава з творам «Шчаўкунчык».

У катэгорыі школьнікаў 13-15 год перамагла Паліна Ганчыеўская з работай «Карлік Нос», другое месца – Валерыі Ланюговай з працай «Хлопчык з запалачнай каробкі», трэцяе – у Бажэны Собаль з творам «Крабат».

Асобную перамогу атрымала Хрысціна Тысеева за малюнак па творы «Сем воранаў» – прыз глядацкіх сімпатый.

Пераможца конкурсу малюнкаў сярод школьнікаў 10-12 год Вераніка Мацюк. На торбе – выява яе карціны па матывах казкі «Маленькі вадзяны».

Пераможца Вераніка Мацюк вучыцца ў 7 «А» класе маладзечанскай гімназіі №7. Пра конкурс дзяўчынцы расказалі на ўроку кампазіцыі ў мастацкай школе.

Спачатку яна хацела намаляваць карціну па іншым творы, але пасля абрала твор «Маленькі вадзяны». Падумала, што будзе лёгка намаляваць.

– Праўда, лёгка намаляваць не атрымалася, – усміхаецца Вераніка. – Доўга выбірала, як будзе выглядаць персанаж. Настаўніца Алена Валер’еўна падказала, што ён можа быць у касцюме аквалангіста. Праца заняла прыкладна два тыдні. Казка спадабалася. А што перамагу, не чакала.

На ўзнагароджанне Вераніка прыйшла з пяцігадовай сястрычкай Анжалікай. Яна таксама любіць маляваць, але, кажа старэйшая сястра, не хоча, каб яе вучылі.

Настаўніца Алена Кучко расказала пра тое, як яе падапечныя рыхтаваліся да конкурсу:

– Абмеркавалі з дзецьмі, каму які твор блізкі. Хто што абраў, па тым і пачаў маляваць. Тэхніку можна было абраць любую, якая бліжэй да душы. Важна, каб гэта была творчая праца, пошук вобраза.

Свята вяла загадчык залы літаратуры на замежных мовах Таццяна Летунова. Яна адзначыла, што ўрачыстасць давялося ладзіць на вуліцы:

– Калі пачыналі дні Германіі, у верасні, эпідэміялагічная абстаноўка была някепская. Пасля яна пачала пагаршацца. Партнёры з Амбасады прапанавалі ў гэтым годзе зрабіць фармат конкурсу малюнкаў – малююць дзеці дома, гэта бяспечней. На вуліцы менш шанцаў заразіцца, і хацелася, каб дзеці адчулі свята, таму вырашылі правесці яго на вуліцы. Падарункі ўдзельнікі атрымалі шыкоўныя, і самі малюнкі выдатныя. Выставу іх зладзілі ў адной з залаў бібліятэкі, усе хадзілі і захапляліся работамі.

Выставу работ удзельнікаў конкурсу малюнкаў можна пабачыць у бібліятэцы «Верасок».

карціна