10 верасня ў Смаргонскім раённым судзе разглядалі справу актывіста Аляксандра Паплаўскага. Тады смаргонца, які ўжо адседзеў па артыкуле за дробнае хуліганства сем сутак, суддзя Дзмітры Дамарад цалкам апраўдаў. Але па пратэсту пракурора і скарзе начальніка РАУС абласны суд адмяніў пастанову Дамарада. Справу будуць разглядаць у чацвёрты раз, паведаміў карэспандэнту смаргонскі абаронца Аляксандр Дзергачоў.
Прыгадаем гістрыю з судамі Паплаўскага.
1 пасяджэнне
5 жніўня на выбарчы ўчастак №16 у Смаргоні прыйшоў Аляксандр Паплаўскі, каб азнаёміцца з пратаколам за 4 жніўня. Паплаўскі хацеў сфатаграфаваць вынікі датэрміновага галасавання за 4 жніўня. Падчас фатаграфавання ў Паплаўскага здарыўся канфлікт са старшынёй камісіі Аленай Атцецкай. Гэта трапіла на відэа, якое здымаў сам Паплаўскі.
Пасля старшыня Атцецкая напісала заяву на Паплаўскага, які нібыта замінаў працы выбарчай камісіі. 7 жніўня Аляксандра Паплаўскага асудзілі за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП). Аляксандру далі 7 сутак. Старшынёй суда была Людміла Пятрова.
2 пасяджэнне
Аляксандр Паплаўскі не пагадзіўся з прыгаворам і абскардзіў рашэнне раённага суда ў Гродзенскім абласным. Абскарджанне разглядалі на пасяджэнні без Паплаўскага. У выніку пастановай абласнога суда ад 24 жніўня пастанову Смаргонскага суда адмянілі і справу накіравалі на разгляд новаму смаргонскаму суддзі – Дзмітрыю Дамараду.
3 пасяджэнне
Яно адыблося зноў у Смаргонскім судзе 10 верасня. Справу вёў суддзя Дзмітры Дамарад. Па хадатайніцтве Аляксандра вёў справу па-беларуску. У выніку суддзя прыйшоў да высновы, што справу трэба спыніць па прычыне адсутнасці ў дзеяннях Аляксандра Паплаўскага складу адміністрацыйнага правапарушэння. Аляксандра Паплаўскага цалкам апраўдалі.
4 пасяджэнне
Яно адбудзецца ў бліжэйшы час у Смаргонскім раённым судзе. Па пратэсту пракурора і скарзе начальніка РАУС абласны суд адмяніў пастанову Дамарада. Цяпер справу будзе разглядаць суддзя Боландзь.
• Текст доступен на языке: Русский