Фота bober.ru.

Сёлета Сусветны дзень якасці будзе адзначацца 12 лістапада.

Якасць і бяспека тавараў, што рэалізуюць у Беларусі, – адно з пытанняў, якія стаяць на асаблівым кантролі ў дзяржавы. Інспекцыя Дзяржстандарту па Мінскай вобласці і Мінску пастаянна працуе над выяўленнем тавараў, якія не адпавядаюць устаноўленым заканадаўствам патрабаванням якасці і бяспекі.

Падчас кантрольна-наглядавых мерапрыемстваў сёлета ў ліпені-жніўні на рэалізацыі ў адной з будаўнічых крам, размешчаных на тэрыторыі абслугоўвання інспекцыі, спецыялісты заўважылі прадукцыю, якая не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза ТР МС 004/2011 «Аб бяспецы нізкавольтнага абсталявання», ТР МС 020/2011 «Электрамагнітная сумяшчальнасць тэхнічных сродкаў». Вібрацыйная плоскашліфавальная машынка гандлёвай маркі OASIS мадэль GV-25 не адпавядала стандартам па стварэнні электрамагнітных перашкод, па патрабаваннях да маркіроўкі і інструкцыі – па адсутнасці абазначэння канструкцыі класа 2, а таксама неабходных звестак у інструкцыі па бяспецы.

Вібрацыйная помпа гандлёвай маркі making Oasis everywhere мадэль VN 0.42 / 60-10 мела праблемы па бяспецы і маркіроўцы. Помпа была са шнуром у полівінілхларыднай абалонцы. А гэта недапушчальна. Такія асаблівасці тэхнікі могуць прывесці да таго, што вырабы хутка сапсуюцца. А празмернае награванне іх частак можа стаць прычынай пажару.

Аддзел дзяржаўнага нагляду ў Маладзечне забараніў увоз і рэалізацыю на рынку Беларусі гэтай прадукцыі. Усе забароны і іншую карысную інфармацыю можна паглядзець на сайце Дзяржстандарту ў раздзеле Рэестры: інфармацыйны рэсурс «Небяспечная прадукцыя» па адрасе: danger. spk.by.

Паважаныя спажыўцы, набывайце тавары бяспечныя і якасныя.