Нядаўна мы пісалі пра тое, што віляйчанін Дзяніс Канецкі занайшоў на Вілейшчыне, ля вёскі Селішча, старадаўнія каменныя прылады і кавалкі крэмню. Фотаздымкі знаходак Дзяніс даслаў археолагу, навукоўцу Максіму Чарняўскаму. Вось што адказаў Максім Міхайлавіч:

– Згодна з фотаздымкамі выглядае, што гэта каменная шліфаваная прылада рубячага прызначэння – сякера або цясла. Апошняе верагодна, бо лязо ў плане скошанае ў адзін бок.

Па словах навукоўца, цясла – прылада для вырабу карыт і начовак, – зробленая з камня шляхам аббіўкі і наступнага шліфавання.

Час выкарыстання падобных прылад – другая палова трэцяга – другое тысячагоддзе да нашай эры.

Больш поўную інфармацыі пра знаходкі навуковец зможа даць тады, калі яму іх перададуць. Зрабіць гэта Дзяніс збіраецца ў бліжэйшы час.