«Рэгіянальная газета» публікуе стэнаграму прафілактычнай гутаркі маладзечанкі Паліны Ганецкай і начальніка Маладзечанскага РАУС Вадзіма Прыгары. Гутарка адбылася 2 кастрычніка.
Пару тыдняў таму Паліну Ганецкую выклікалі ў аддзяленне маладзечанскай міліцыі. Там у яе адбылася размова з начальнікам аддзела правапарадку і прафілактыкі Маладзечанскага РАУС Яраславам Туровічам. Пасля гадзіннай размовы з Туровічам Ганецкую адвялі для складання пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях да інспектара па дазваляючай працы Маладзечанскага РАУС Віталя Мурзы. Перад пачаткам складання пратаколаў у кабінет зайшоў начальнік маладзечанскай міліцыі Вадзім Прыгара. Ён правёў з Ганецкай прафілактычную гутарку.
Прыгара: Раскажыце, як вы парушаеце дзейнае заканадаўства.
Ганецкая: Я нічога не парушаю.
Прыгара: Як вы нічога не парушаеце? Вы ведалі, што гэтае шэсце несанкцыянаванае?
Ганецкая: Якое менавіта шэсце?
Прыгара: Якое вы наведвалі.
Ганецкая: Я не наведваю шэсці ў горадзе Маладзечне.
Прыгара: Паліна Уладзіміраўна? Так? Ведаеце ці не, што гэтае шэсце было несанкцыянаванае?
Ганецкая: Я ўстрымаюся ад каментароў, можна?
Прыгара: З кім вы жывяце?
Ганецкая: З дачкой.
Прыгара: Колькі дачцэ гадоў?
Ганецкая: 12.
Прыгара: Хто яшчэ з вамі пражывае?
Ганецкая: Больш ніхто.
Прыгара: Больш ніхто… А дзе дачка зараз?
Ганецкая: У школе.
Прыгара: А дзе вы працуеце?
Ганецкая: Сацыяльным работнікам.
Прыгара: Сацыяльным работнікам?
Ганецкая: Ага.
Прыгара: Дзе?
Ганецкая: Па догляду за інвалідам першай групы па зроку.
Далей Прыгара запытаўся ў Мурзы, у колькіх шэсцях удзельнічала Ганецкая. Мурза адказаў, што ў двух.
Прыгара: Актыўны ўдзельнік, так?
Ганецкая: Мне здаецца, усе актыўныя ўдзельнікі, якія бяруць удзел у шэсці. Не?
Прыгара: Мы гаворым пра вас цяпер.
Ганецкая: Вам лепш відаць.
Прыгара: Я таму сваё меркаванне і выказваю, што вы актыўны ўдзельнік. Пратаколы будуць накіраваныя ў суд. У судзе будзе прызначанае судовае пасяджэнне, дзе будуць разглядацца вашыя парушэнні.
Ганецкая: Супер. Я рада, калі б яны сапраўды разглядаліся, а не адразу з гатовымі вынесенымі прысудамі хадзілі.
Прыгара: Вам так здаецца, вы памыляецеся.
Ганецкая: Я вас прашу, усім здаецца, па ўсёй рэспубліцы гэта здаецца.
Прыгара: Дзе тэлефон?
Ганецкая: Няма тэлефонаў з сабой. Навошта?
Прыгара: Значыць, трэба [адправіць] паведамленне ў сацыяльную службу, што ёсць такая мама, якая парушае грамадскі парадак і выхоўвае дзіця. Інфармацыю ва ўстанову адукацыі, каб наведалі месца жыхарства.
Ганецкая: А ўжо наведвалі.
Прыгара: І ў інспекцыю па справах непаўналетніх таксама накіраваць. Калі такая мама будзе хадзіць, парушаць…
Ганецкая: Пачакайце, якая такая? Мы цяпер з вамі на асобы пераходзім, ці як? У інспекцыі па справах непаўналетніх ўжо ўсё ёсць.
Прыгара: Яшчэ раз паглядзім. Праверым вашы бытавыя ўмовы.
Ганецкая: Калі ласка, правярайце мае бытавыя ўмовы. А то мала ці што: наркаманка або прастытутка.
Прыгара: Я ж не сказаў, што вы прастытутка або наркаманка.

Прыгара сказаў Мурзе, каб той удакладніў, можа Ганецкая больш за два разы ўдзельнічала ў акцыях.
Прыгара: Лепш бы грошы, якія вы за штраф будзеце плаціць, на дзіця патрацілі.
Ганецкая: Думаю, сваімі фінансамі я маю права распараджацца сама. Лепш дзяржава б турбавалася, калі мне трэба было стаць на чаргу на кватэру, дзе будзе пражываць маё дзіця.
Прыгара: А з кім вы жывяце? У якой кватэры?
Ганецкая: У сваёй. Дадзеная кватэра дасталася мне па спадчыне. Гэта не заробленая мной і не набытая мной.
Прыгара: Якая ў вас адукацыя?
Ганецкая: Сярэдняя, школа.
Прыгара: І што вы хочаце, каб дзяржава проста так дала вам кватэру?
Ганецкая: Чаму проста так? Па-першае, я прасіла арэнднае жыллё.
Прыгара: Вы стаялі на чарзе?
Ганецкая: Нават не ўстала. Справа ў тым, што ў 23 гады ўжо па ўсіх артыкулах я была непрыдатнай. Я была разведзенай, стаць на чаргу не змагла, таму што з дачкой была прапісаная па месцы жыхарства былога мужа, які ўжо быў жанаты. Сказалі, што квадратуры хапае.
Прыгара: Дзяржава дрэнная, ці што?
Ганецкая: Ды не, усё супер. Я думаю, што ў людзей нешта пахіснулася, што ўсе чамусьці выходзяць.
Прыгара: Якія ўсё?!
Ганецкая: Ды ўся Беларусь!
Прыгара: Хто вам сказаў, што ўся Беларусь ?! Пакажыце гэтых людзей.
Ганецкая: А ў Мінску што адбываецца? Фэйк?
Прыгара: Нічога там не адбываецца. Выходзяць 0,01%.
Ганецкая: Але чамусьці яны выходзяць.
Прыгара: Гэта бесталковыя людзі выходзяць, якія не ўладкаваныя, без адукацыі і без розуму.
Ганецкая: Гэта вы па мне судзіце?
Прыгара: Гэта я пра Мінск кажу.
Ганецкая: Чаму вы так упэўненыя? Я ведаю бізнесменаў…
Прыгара: А я ведаю зусім наадварот.
Ганецкая: …здавалася б грошай хапае, жывуць у катэджах і дамах.
Прыгара: Паліна Уладзіміраўна, значыць… Вы мяне пачулі.
Ганецкая: Спадзяюся, вы мяне таксама пачулі.
Прыгара: Я з вамі праводжу прафілактычную гутарку. Калі вы не зразумееце, то мы будзем дзейнічаць неяк па-іншаму.
Ганецкая: Калі ласка, вы маеце права дзейнічаць так, як лічыце патрэбным.
Прыгара: У адпаведнасці з законам буду дзейнічаць. Закон дазваляе.
Ганецкая: Я рада, што ў дадзены момант закон на вашым баку.
Прыгара: Ён заўсёды будзе на нашым баку, таму што мы гасударавы людзі.

Ганецкая: Вельмі шкада. Скажу так, мне 30 гадоў. І ў гэтай краіне я не маю ніякага права: ад права выбару той улады, з якой я хацела б жыць, і да права…
Прыгара: Вам бы ў 19 гадоў трэба было пайсці вучыцца кудысьці, уладкавацца на працу добрую, каб зарабляць грошы.
Ганецкая: А якая ў нашай краіне добрая праца, на вашу думку?
Прыгара: А вы хочаце, няма ніякай адукацыі і грошы добрыя зарабляць?
Ганецкая: Я не кажу, што жыву дрэнна, што скарджуся на фінансавы бок. Можа, у мяне палюбоўнік багаты, адкуль вы ведаеце?
Прыгара: Таму няма чаго казаць на дзейную ўладу.
Ганецкая: А можа быць, я не хачу быць палюбоўніцай багатага мужыка, можа хачу зарабіць сама.
Прыгара: Зарабляйце. Хто вам перашкаджае? Не падабаецца ў Беларусі? Пачакайце. Чаму ў Польшчу не з’ехаць? Едзьце ў Літву, у Польшчу. Чаго туды не едзеце? Чаго значок начапіла? А? Едзьце ў Польшчу, там жывіце.
Ганецкая: Я абдумаю ваш варыянт, раз выкурваеце ўсіх людзей. І маладых, у тым ліку.
Прыгара: Якіх маладых?
Ганецкая: А я старая, на вашу думку?
Прыгара: Мы не пра вас гаворым.
Ганецкая: Мы ж тут сядзім, вы мне тыкалі тут.
Прыгара: Я ж вам сказаў, што трэба скончыць, спачатку мець нейкую адукацыю.
Ганецкая: Вы лічыце, што адукацыя ў нашай краіне на нешта ўплывае?
Прыгара: Вядома!
Ганецкая: Колькі людзей з адукацыяй сядзяць у крамах «Еўраопт»?
Прыгара: Гэта бесталковыя людзі.
Ганецкая: Чаму ж? Яны ж атрымалі вышэйшую адукацыю.
Прыгара: Што, з вышэйшай адукацыяй сядзяць у «Еўраопце»?
Ганецкая: А давайце вам так скажу. Хацела ў гэтым годзе паступіць у медыцынскую ўстанову, якая патрабуе каля двух тысяч беларускiх рублёў аплаты для атрымання адукацыі. Вучоба з 8 да 5, нікога не хвалюе, а дзе знайсці працу, каб аплаціць адукацыю. Я вам растлумачу, што адукацыя, з якой я ў далейшым буду працаваць, медсястрой, не будзе прыносіць мне добрай зарплаты.
Прыгара: Ідзіце ў IT-тэхналогіі.
Ганецкая: Слухайце, я ведаю, на што хачу пайсці. Навошта мне ісці ў IT-кампанію, калі не разбіраюся ў гэтым, і гэта прызнаю. Трэба цвяроза ацэньваць свае магчымасці.
Прыгара: Добра. Чаму б вам не пайсці ў вышэйшую навучальную ўстанову не на медсястру, а на доктара? Дактары добра зарабляюць.
Ганецкая: Таму што хацелася б…
Прыгара: Таму што хацелася б у школе добра вучыцца калісьці, можа? А не курыць цыгарэты ў 8-9 класе.
Ганецкая: Вы ведаеце, я не курыла цыгарэты ў 8-9 класе.
Прыгара: Добра, вам пашанцавала.
Ганецкая: Чаму мне пашанцавала? Вы думаеце, што я настолькі тупы чалавек без адукацыі?
Прыгара: Я вам сказаў, што вы тупая?
Ганецкая: Вашы намёкі пра гэта кажуць.
На гэтым размова начальніка РАУС з Палінай Ганецкай завяршылася.
• Текст доступен на языке: Русский