Чэрвень 1947 года. Вучні 4 класа Маладзечанскай СШ №2 са сваімі настаўнікамі. Фота з архіва школы.

На фотаздымку 1947 года вучні маладзечанскай сярэдняй школы №2. Пазначаныя нават дата і час – 5 чэрвеня, шэсць гадзін вечара. Фота зробленае каля першага будынка школы – звычайнага драўлянага дома, што стаяў у колішнім прыватным сектары. Дзяўчынка ў першым радзе ў клятчатай сукенцы і белым берэціку – Дзіна Лешакова.

Праз некалькі год яна скончыць школу і застанецца ў ёй піянерважатай. А пасля атрымае вышэйшую адукацыю і працягне працаваць у роднай школе настаўніцай музыкі і кіраўніцай хораў. Дзяўчынку ўжо будуць ведаць як Дзіну Анісімаўну Шапавалаву. А створаныя ёй школьныя хоры з вучняў і настаўнікаў неаднойчы праславяць родную школу.

Першы будынак школы. фота з архіва СШ №2.

У гэтыя лістападаўскія дні 75-гадовага юбілею ў сярэдняй школе №2 згадваюць сваіх педагогаў і выпускнікоў, а таксама багатую гісторыю ўстановы.

Як усё пачыналася

9 лістапада 1945 года ў пасляваенным Маладзечне пачала працаваць сярэдняя школа №2. Яна размясцілася ў двух драўляных дамах на сённяшняй вуліцы Вольнай. Адным з першых дырэктараў быў Майсей Лазаравіч Раскін.

Майсей Лазаравіч Раскін кіраваў школай ад 1947 да 1949 года. Фота з архіва СШ №2.

Праз чатыры гады для другой школы ўзвялі новы будынак. Сёння ў ім месціцца цэнтр «Маладзік».

У 1949 годзе будынак быў адным з самых вялікіх і прыгожых у горадзе – з вялікімі вокнамі, шырокімі калідорамі, люстрамі, зялёнымі парцьерамі. Для першых пасляваенных гадоў усё тут выглядала шыкоўна.

Праўда, адразу будынак абаграваўся печкамі. Дровы нарыхтоўвалі вучні разам з настаўнікамі. Печкі прыбралі ў канцы 1950 – пачатку 1960-х. Гэты працэс прыгадвала пасля Дзіна Іосіфаўна Гурчанка. Дзіна Іосіфаўна адпрацавала ў другой школе больш за сорак год. Прыйшла сюды пасля БДУ настаўніцай рускай мовы і літаратуры, была намеснікам дырэктара і дырэктарам. У працоўнай кніжцы Дзіны Іосіфаўны – адзін запіс, адзначаюць у школе. Настаўніца ўжо даўно ў адпачынку, але тэлефануе сваім калегам, распытвае пра жыццё школы, пра падрыхтоўку да юбілею.

Праект новай школы прывезлі з Сібіры

Па словах Ларысы Станіславаўны Тулупавай – бібліятэкара і захавальніцы здымкаў і дакументаў з гісторыі школы, – доўгі час іх установа лічылася элітнай.

Да 1960 года Маладзечна было абласным цэнтрам. У дамах на вуліцы Машэрава жылі тагачасныя абкамаўскія начальнікі. Іх дзеці вучыліся ў другой школе, а жонкі працавалі настаўніцамі.

Педагогаў у школу бралі вельмі моцных. І вынікі былі адпаведныя. Яшчэ да 1980-х гадоў школа штогод выпускала па 15-18 сярэбраных і залатых медалістаў.

У 1970-х у двухпавярховым будынку месца стала не хапаць. У класах было па сорак чалавек. Многіх дзяцей вымушаныя былі аддаваць у іншыя школы. Тады тагачасны дырэктар Барыс Уладзіміравіч Вайцяхоўскі параіў бацькам сваіх вучняў напісаць пісьмо ў абкам партыі з просьбай пра новы будынак школы. Ініцыятыву падтрымала намеснік Дзіна Іосіфаўна Гурчанка. Урэшце дазволілі выбіраць праект. За ім дырэктар ездзіў у Новасібірск.

За новы будынак на 1176 месцаў узяліся ў 1974-м, а ў 1975-м яго ўжо здалі.

Да гісторыі школы тут ставяцца адказна. Да 50-годдзя адкрылі залу выпускнікоў. У ёй – фотаздымкі большасці выпускаў школы. Фота ўсіх знайсці не атрымалася. Але цяпер у школе ёсць традыцыя – кожны выпускны клас пакідае ў падарунак зале выпускнікоў сваё фота. У альбомах і папках – дакументы, звесткі пра педагогаў і выпускнікоў. У розныя часы школу №2 заканчвалі спартсмен Аляксей Кудзін, доктар-псіхіятр Аляксандр Бажко, спявак Юры Антонаў, актрыса Таццяна Жданава.

Дырэктар школы: 75 год – гэта тысячы выпускнікоў

На думку дырэктара школы Уладзіміра Яўгенавіча Шпетнага, 75 год – гэта нямала. Гэта тысячы выпускнікоў і іх бацькоў, адзначае дырэктар:

– Толькі за час майго кіравання, ад 1987 года, са школы выйшла каля дзвюх тысяч выпускнікоў сярэдняй школы і каля дзесяці тысяч – базавай.

Па словах дырэктара, сёння школа абнаўляецца. З’явіўся новы камп’ютарны клас, мульціборды. Але Уладзімір Яўгенавіч упэўнены: для школы важна не толькі абнаўленне тэхнікай, але і маладымі таленавітымі кадрамі.

Адзначае, што шматлікія дасягненні школы адбываюцца як дзякуючы сумеснай працы педагагічнага калектыву, так і абмену досведам, супрацоўніцтву з калегамі з іншых гімназій і школ Маладзечаншчыны.

• Текст доступен на языке: Русский