Градзірні БелАЭС. Фота Настассі Уткінай.

У панядзелак раніцай у сеціве з’явілася інфармацыя аб тым, што ў нядзелю першы блок Беларускай АЭС перастаў выпрацоўваць магутнасць, турбіна спыненая з-за выхаду з ладу трансфарматараў напружання. Нарэшце з’явіўся афіцыйны каментар ад БелАЭС, піша TUT.BY.

— Прычына спынення — выбухі некалькіх трансфарматараў напружання (яны прызначаныя для змены напружання ў сілавых электрычных ланцугах) на адным з агрэгатаў, звязаных з генератарам. Фармальна нічога надзвычайнага не адбылося, аналагічнае здарэнне здаралася на Ленінградскай АЭС, але расследаванне, аднаўленне схемы выдачы магутнасці і паўторная наладка зойме шмат часу, — напісала крыніца.

Паводле яе інфармацыі, да вытворцы трансфарматараў будуць гарантыйныя прэтэнзіі. Але ў бліжэйшы час станцыя выпрацоўваць энергію не будзе. Эксперты кажуць, што на бяспеку рэактара з пункту гледжання ўцечкі радыяцыі такі інцыдэнт ўплыву не аказвае.

Мінэнерга: Выпрабаванні праводзяць у адпаведнасці з праграмай

У канцы дня 9 лістапада ў Мінэнерга паведамілі, што на першым энергаблоку Беларускай АЭС працягваецца этап «Энергетычны пуск». «Дадзены этап прадугледжвае рэжымы працы энергаблока на розных узроўнях магутнасці (да 500 МВт), а таксама праверку ўстойлівасці працы энергасістэмы пры неаднаразовым яе паніжэнні».

— У ходзе праведзеных выпрабаванняў, у адпаведнасці з праграмай дадзенага этапу, выяўленая неабходнасць замены асобнага электратэхнічнага вымяральнага абсталявання. Работы па замене дадзенага абсталявання ажыццяўляюцца згодна з тэхналагічным рэгламентам. У цяперашні час на энергаблоку праводзяцца выпрабаванні і працы ў адпаведнасці з этапнай праграмай. Усе тэхналагічныя сістэмы функцыянуюць у штатным рэжыме, — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, што 7 лістапада Аляксандр Лукашэнка адкрываў БелАЭС.

• Текст доступен на языке: Русский