У сацыяльных сетках тэлеканала АНТ размешчаны відэаролік на тэму забастоўкі ў Беларусі.

У ролі кіроўцы грузавіка Міхалыча ў відэа зняўся акцёр Аляксандр Пашкевіч з Маладзечна. Ён працаваў у Мінскім абласным драмтэатры, размешчаным ў Маладзечне, цяпер месцам яго працы пазначаны Беларускі моладзевы тэатр.

У роліку персанаж Міхалыч выязджае з тэрыторыі прадпрыемства, збоку стаіць група людзей з плакатамі ў белых і чырвоных колерах з надпісамі «Забастоўка», «Перамен». Адзін з пратэстуючых падыйшоў да Міхалыча і папрасіў пазычыць 20 рублёў да зарплаты. Міхалыч адказвае: «Да якой зарплаты? Ты ж бастуеш». Мужчына адказвае: «Проста есці хочацца».

Міхалыч адказвае, што або рэвалюцыя, або есці. Але ўсё ж дае калегу бутэрброд. Той пытаецца, а чаго Міхалыч за рулём, выхадны ж. «Пакуль вы бастуеце, працы неўправарот. Мне зарплата ў два разы паднялася». Міхалыч з’язджае, а яго калега з бутэрбродам падыходзіць да пратэстуючых. Як толькі тыя ўбачылі бутэрброд, пакідалі плакаты і пабеглі за ім. Выпуск падсумоўвае выказванне «Хто не працуе, той не есць».

Мы папрасілі Аляксандра Пашкевіча расказаць, што стала прычынай удзелу ў роліку. Акцёр патлумачыў, што прычынай стала яго пазіцыя, якая палягае ў тым, што забастоўкі прыводзяць да развалу краіны. «Хто не разумее, да чаго прыводзяць забастоўкі, ці дурны, ці вораг. Хаця ворагі якраз і разумеюць, да чаго яны прыводзяць». Акцёр патлумачыў, што забастоўкі ён не падтрымлівае.

Журналіст «Рэгіянальнай газеты» задала пытанне, якое стаўленне ў Пашкевіча да выпадку, калі 10 жніўня збілі і затрымалі яго калегу Паўла Святоху. Акцёр адказаў, што не ведае, з якой праграмай туды ішоў Павел, але тое, што яго збівалі – кепска. Пашкевіч дадаў, што ён супраць гвалту, таму што праблемы патрэбна вырашаць дыялогам.