Фота teris.com.

Кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Міхаіл Орда распавёў 10 лістапада ў эфіры «Беларусь 1», што прапанаваў дазволіць беларусам хварэць 5 дзён без атрымання лістка непрацаздольнасці ў бальніцы, звярнуў увагу Telegraf.by.

«Павінна быць больш гнуткае працоўнае заканадаўства. Каб у наймальніка была магчымасць даць гэтыя дні аплатныя без прадастаўлення лістка непрацаздольнасці», — лічыць кіраўнік ФПБ.

Усё гэта таму, што ў бальніцах чэргі. «Чалавек трохі прыхварэў, і каб атрымаць бальнічны — яму трэба ісці ў паліклініку. А там чэргі. І ён ідзе практычна хворы на працу», — мяркуе Міхаіл Орда.

Кіраўнік ФПБ лічыць, што тэрмін да пяці дзён хопіць, каб работнік зразумеў — ці ён ачуняў, ці трэба звяртацца да доктара. Плюс нагрузка на паліклінікі стане менш.

Сваю прапанову Міхаіл Орда агучыў Аляксандру Лукашэнку, хоць Парадак атрымання бальнічнага ліста рэгулюецца Законам «аб ахове здароўя» і пастановамі ўрада.