Аляксея Вайцяховіча затрымалі 25 кастрычніка на вуліцы Арлоўскай у Мінску. Расказваем, як Аляксея затрымлівалі і судзілі за 15 хвілін на Акрэсціна.

«Павалілі на зямлю і збівалі дубінкамі»

Аляксей не адмаўляе, што ўдзельнічаў у пратэснай акцыі 25 кастрычніка ў Мінску. У яго быў бел-чырвона-белы сцяг на плячах. Затрыманне адбылося ў дварах каля вуліцы Арлоўскай.

— Пабачыў, што пачалі пад’язджаць аўтазакі. Пачалі высаджвацца амапаўцы. Я збочыў у двары, там убачыў аўтазак. Развярнуўся, бачу, што ў мой бок ідуць трое ў джынсах, красоўках, бронекамізэльках, касках і балаклавах.

Гэтыя людзі пабеглі за Аляксеем, дагналі і пачалі збіваць. Сілавікі ніяк не прадставіліся.

— Яны павалілі мяне на зямлю і збівалі дубінкамі. Некалькі разоў прыляцела па галаве: адным ударам рассекла галаву, другім — выскачыла шышка на ілбе. Я закрываў твар рукамі, таму і па рукам прыляцела, па нагах таксама білі.

Куртка Аляксея ў крыві — у яго была разбітая галава.
Драпіны на калені, якія Аляскей атрымаў пры затрыманні, пасля 15 дзён у ізалятары.

На рукі Аляксею апранулі сцяжкі. Сілавікі пацягнулі затрыманага ў бус, таму ўжо знаходзіліся людзі. Па словах Аляксея, там ляжалі чацвёра мужчын, яго кінулі на падлогу ў бусік да іх. Кагосьці з затрыманых пазначылі фарбай. Аляксей успамінае, што праз гэта сілавікі сварыліся. Адзін з іх сказаў, чаму ў бусе пачало пахнуць ацэтонам — потым усё ж высветлілі, што гэта была фарба.

Далей Аляксея размясцілі ў невялічкую камеру ў аўтазаку.

— Гэтая камера можа на двух чалавек. Нас закінулі туды ўчацвярых. Далей нас прывезлі ў Цэнтральны РАУС.

Меддапамогу не аказвалі, здымалі на камеру, а потым паказалі па дзяржТБ

У Цэнтральным РАУС затрыманых ставілі да сцяны тварам. Аляксей кажа, што ў аддзяленні было шмат збітых людзей.

— У шмат людзей ішла кроў. Аднаму чалавеку павыбівалі дубінкай пярэднія зубы.

У РАУС Аляксею стала блага, ёсць страчваў прытомнасць, але медыцынскай дапамогі не аказалі. Там жа ў яго знялі адбіткі пальцаў і знялі на відэа. Па словах Аляксея, на камеру здымала жанчына без формы, якая не прадставілася. Потым частка гэтага відэа з’явіцца на дзяржаўным тэлебачанні. Аляксей кажа, што дазволу на гэта не даваў.

Затым Аляксея адвялі ў кабінет, дзе міліцыянеры апісвалі рэчы, якія былі ў затрыманых. На Вайцяховіча склалі два пратаколы — па 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўніку) КаАП.

— Калі ў пратаколе па 23.34 было ўсё правільна, то ў 23.4 былі цікавосткі. У ім напісалі, што мяне затрымліваў адзін міліцыянер, а іх жа было трое. У пратаколе яшчэ была зноска, што імя гэтага міліцыянера змененае для яго бяспекі. То бок, прыдумалі і імя міліцыянера, і яго самога.

Ноччу 26 кастрычніка Аляксея перавезлі ў ЦІП на Акрэсціна. У ізалятары і адбыўся суд праз відэасувязь. Вайцяховіча асудзілі за 15 хвілін на 15 сутак. 27 кастрычніка перавезлі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Жодзіне.

Цяпер Аляксей падаў заяву ў Следчы камітэт па факту збіцця сілавікамі пры затрыманні 25 кастрычніка.

Аляксея Вайцяховіча судзяць па артыкуле 23.34 не ўпершыню. Яшчэ вясной яго асудзілі за сустрэчу з Сяргеем Ціханоўскім, якая адбылася ў красавіку ў Маладзечне. Тады блогер Ціханоўскі рабіў стрым з Брадвея. У мае Аляксей адсядзеў 3,5 дні, яго адпусцілі таму, што ў затрыманага была вялікая тэмпература. 8 жніўня яго затрымалі, калі Аляксей працаваў назіральнікам у Красным, — даседжваць суткі.