belnovosti.by

Аварыя здарылася сёння, 11 лістапада, каля 7.35, у Вілейскім раёне на трасе «Мінск-Нарач», недалёка ад першага чыгуначнага пераезду на шляху з Маладзечна ў Вілейку. У выніку пацярпела шэсць машын. Падрабязнасці расказалі ў Вілейскай ДАІ.

У бок Вілейкі з боку Маладзечна ехала пяць машын – грузавы фургон, «Фольксваген Пола», «Сітраэн», «Опель Вектра» і «Фольксваген Транспарцёр». Кіроўца «Опель Вектра», які ехаў чацвёртым у калоне, вырашыў абагнаць тры папярэднія аўтамабілі. Перастроіўся на сустрэчку і пачаў абганяць. У нейкі момант з тумана выехаў сустрэчны аўтамабіль «Рэно Лагуна». Кіроўца «Рэно» спрабаваў пазбегнуць сутыкнення, але ўсё ж сутыкнуўся з «Опелем». Ад удару «Опель» з’ехаў у кювет і перакуліўся на дах.

Ад абломкаў і запчастак, якія паляцелі пры сутыкненні дзвюх машын, атрымаў механічныя пашкоджанні «Фольксваген Пола».

А яшчэ падчас сутыкнення ў «Опель Вектра» адарвалася задняе левае кола паляцела пад «Фольксваген Транспарцёр» і перабіла яму тармазную сістэму. У выніку транспарцёр стукнуўся ў «Сітраэн», які заставаўся спераду.

Калі нарэшце ўсе машыны спынілся, на дарозе з’явілася «Пэжо-206». Аўтамабіль наехаў на абломак ад літога дыска, што застаўся на дарозе пасля аварыі, і пашкодзіў бампер.

Людзі не пацярпелі.

 

• Текст доступен на языке: Русский