Раптоўна памёр былы наш калега – тэхнічны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксей Бераснеў. Сэрца перастала біцца ў сорак два гады. Нічога не прадказвала гэтай бяды.
Больш за пяць гадоў аддаў нашаму выданню Аляксей. Выпускнік маладзечанскай мастацкай школы, якую ў свой час арганізаваў Васіль Таркан, меў добрае пачуццё гармоніі і прыгажосці. І, ужо пабачыўшы свет, маючы жыццёвы досвед, вышэйшую адукацыю перакладчыка, прыйшоў у «Рэгіянальную газету», каб праз хуткі час працягнуць традыцыі, закладзеныя яго папярэднікамі.
У 2008 годзе сайт газеты атрымаў дыплом інстытута FOJO, Швецыя, за найлепшы рэдызайн сайта. Тут была вялізная заслуга тэхнічнага рэдактара. Змяняўся выгляд папяровага выдання, усё больш навін нашы чытачы атрымлівалі з сайта. І ўсюды прыкладаў сваю руку Аляксей Бераснеў, працуючы ў зладжанай камандзе аднадумцаў. Апошнія гады Аляксей жыў са сваёй сям’ёй за акіянам, але мы заставаліся на сувязі. У рэдакцыі працуе яго мама.
І раптам прыйшла адразу незразумелая і нечаканая вестка. 8-га лістапада Аляксей не прачнуўся.
Калектыў рэдакцыі выказвае самыя шчырыя спачуванні маме Аляксея – стыль-рэдактару газеты Марыі Браніславаўне Берасневай, жонцы Жэні і сыну Лёшу з прычыны непапраўнага гора. Мы застаёмся з вамі ў вашай бядзе і скрусе. Вытрымкі вам і сілы.
• Текст доступен на языке: Русский