Фота TUT.BY.

Чэмпіён XXV Алімпійскіх гульняў Андрэй Барбашынскі родам з Ашмяншчыны нядаўна даў інтэрв’ю гродзенскай раёнцы. У ім ён крытыкуе пратэстоўцаў.

— У навінах апошніх дзён раз-пораз з’яўляліся паведамленні аб пашкоджанні аўтамабіляў, падпале пунктаў аховы правапарадку, блакаванні чыгуначных шляхоў і, што асабліва шакавала, — збіццё жанчыны, якая зрабіла заўвагу за развешванне белых стужачак. Хто гэта робіць, чаму? — абураецца Барбашынскі.

На яго думку, такім спосабам людзі дэманструюць сваю пазіцыю па краіне. Далей Барбашынскі працягвае:

— У дачыненні да гэтых падзей мая пазіцыя адназначная: агрэсіі, рукапрыкладства не павінна быць ні ў якім разе. Той, хто падымае руку на жанчыну… Гэта зусім за мяжой разумення. Такіх людзей трэба ізаляваць і, па вялікім рахунку, лячыць. Той, хто аднойчы ўдарыў жанчыну, будзе біць рэгулярна. Гэта псіхалогія. Усе спартсмены ведаюць, што падобнае праява выказвання свайго меркавання ёсць ні што іншае, як слабасць і псіхалагічная безгрунтоўнасць. Агрэсія непрымальная для моцнага чалавека, упэўненага. І не раз даказвалася ў нашай краіне, што радыкалізм і агрэсія неўласцівыя нашым людзям, і мы гэтага ніколі не ўхвалялі. Больш за тое, такія дзеянні павінны спыняцца адразу ж у зародку.

Барбашынскі лічыць, што свае меркаванне можа выказваць кожны чалавек. Але, выказваючы яго, нельга нікога абражаць, збіваць, псаваць маёмасць.

— Заўсёды трэба памятаць, што любое правапарушэнне, якую б сферу мы ні закранулі, караецца па законе. Закон павінен функцыянаваць, і ў Беларусі ён працуе. Заўсёды так было, ёсць і будзе. Ён не сёння пачаў дзейнічаць, так было і ўчора, і год таму. Дзяржава нясе адказнасць за парадак у краіне, якім мы заўсёды ганарыліся. А калі нешта не задавальняе ў заканадаўстве, хочаце дыскутаваць, зараз працуюць дыялогавыя пляцоўкі, дзе можна выказаць сваё меркаванне. Не на вуліцы! Таму што вуліца ніколі нічога не вырашала. Заўсёды ўзважаныя рашэнні прымаліся за круглым сталом, за абмеркаваннем надзённых пытанняў, прапаноў.

Барбашынскі выказаўся і пра сімволіку — ён падтрымлівае дзяржаўную: «Якім быць нашым сімвалам — гэта законнае рашэнне беларусаў».

— Трэба падтрымліваць адзін аднаго, а не зневажаць і абражаць. Я за суверэнную Беларусь без гвалту, тэрактаў, хамства. За тое, каб мы жылі ў міры і згодзе.