Фота grodnonews.by.

Напачатку лістапада Маладзечанскі РАУС расказаў, што ў горадзе фарміруюць народныя дружыны, а ў аддзяленне звярнулася дзясятак грамадзян для ўступлення. Валожынскі РАУС на днях заклікаў жыхароў раёна ўступаць у дабраахвотныя дружыны, каб ахоўваць грамадскі парад.

«Рэгіянальная газета» расказвае, як гэтыя дружыны фарміруюцца і што кажа асобны закон пра дружыннікаў.

Дзейнасць дружыны рэгламентуецца

Дзейнасць народнай дружыны і дружыннікаў рэгламентуецца Законам «Аб удзеле грамадзян у ахове грамадскага парадку» ад 26 чэрвеня 2003 года.

У артыкуле 3 адзначаецца, што асноўнымі прынцыпамі для ўдзелу грамадзян у ахове правапарадку з’яўляюцца: добраахвотнасць, законнасць, гуманнасць і павага правоў чалавека, галоснасць, цеснае ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі, якія ажыццяўляюць ахову правапарадку.

Дружыннікам забараняецца дзейнічаць па-за рамкамі гэтага Закона. Забараняецца і прадстаўляцца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, дзяржаўных воінскіх фарміраванняў і ваенізаваных арганізацый.

Дзяржаўныя і мясцовыя органы ўпраўлення, што арганізоўваюць дружыны, садзейнічаюць дружыннікам атрымліваць неабходную інфармацыю. А таксама могуць матэрыяльна заахвочваць людзей, якія ўступаюць у дружыны.

Арганізацыя дружын

Згодна з Законам, ёсць некалькі формаў, у якіх людзі могуць удзельнічаць у ахове грамадскага парадку.

— індывідуальны ўдзел

У гэтым выпадку чалавек можа паведамляць пра правапарушэнне ў адпаведныя органы, дапамагаць органам у працы па прафілактыцы і спыненню правапарушэнняў.

— пазаштатнае супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі, органамі і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях, органамі памежнай службы

Тут адпаведныя органы могуць прыцягваць людзей да пазаштатнага супрацоўніцтва толькі на добраахвотнай аснове. Дзейнасць пазаштатных супрацоўнікаў фінансуецца тымі органамі, куды іх прыцягваюць для пазаштатнай працы.

— удзел у аб’яднаннях грамадзян, якія садзейнічаюць праваахоўным органам у ахове правапарадку

Людзі могуць дамовіцца паміж сабой, паведаміць тэрытарыяльнаму органу ўнутраных спраў аб стварэнні групы па ахове грамадскага парадку. Такая форма аб’яднання грамадзян не патрабуе прыняцця статута, абрання органаў кiравання, iншага арганізацыйнага афармлення.

— сяброўства ў добраахвотных дружынах

Добраахвотная дружына — гэта аб’яднанне грамадзян, якое ўдзельнічае ў ахове грамадскага парадку. Сваю дзейнасць добраахвотная дружына ажыццяўляе пад кіраўніцтвам упаўнаважаных службовых асоб органаў мясцовага кіравання або iншых юрыдычных асоб, які яго стварылі.

— удзел у саветах грамадскіх пунктаў аховы правапарадку

Саветы грамадскіх пунктаў — арганізацыйная форма аб’яднання намаганняў добраахвотных дружын, арганізацый і грамадзян у дзейнасці па ахове грамадскага парадку і прафілактыцы правапарушэнняў.

Рашэння аб стварэнні і скасаванні саветаў грамадскіх пунктаў, зацвярджэнні іх персанальнага складу прымаюцца адпаведнымі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Саветы займаюцца вывучэннем стану правапарадку на тэрыторыі гэтага савету, каардынуюць працу асоб у савеце і інш.

Добраахвотная дружына

Маладзечанская і Валожынская міліцыя заклікае ўступаць менавіта ў добраахвотную дружыну.

Добраахвотная дружына ствараецца па рашэнню органа мясцовага кіравання, то бок, выканкама. Дружыну гэтага тыпу можа стварыць і іншая юрыдычная асоба, але толькі для аховы адпаведнай тэрыторыі.

Забаронена ствараць дружыны пры палітычных партыях і іншых грамадскіх аб’яднаннях.

Асноўныя функцыя добраахвотнай дружыны:

  • ахова грамадскага парадку, жыцця і здароўя грамадзян і іх уласнасці;
  • дзейнасць па прафілактыцы і спыненню правапарушэнняў;
  • забеспячэнне бяспекі дарожнага руху;
  • ахова грамадскага парадку ў выпадках узнікнення надзвычайных сітуацый;
  • забеспячэнне пажарнай бяспекі, ахове навакольнага асяроддзя;
  • навучанне грамадзян асновам бяспечных паводзін у грамадскіх месцах і забеспячэння бяспекі жылля, а таксама ў навучанні прыёмам самаабароны;
  • мерапрыемствы па ахове і абароне Дзяржаўнай мяжы Беларусі.

Дружыннікі ў добраахвотнай дружыне

Уступіць у дружыну можна з 18 год па пісьмовай заяве. Дружыннікамі не могуць быць:

  • асобы з судзімасцю;
  • асобы на ўліку лячэбна-прафілактычных арганізацыях з нагоды псіхічнага захворвання, наркаманіі або алкагалізму;
  • прызнаныя судом недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымi;
  • асобы, якія прыцягваліся на працягу года да дня падачы заявы да адміністрацыйнай адказнасці.

Дружыннік абавязаны мець пры сабе і прад’яўляць па патрабаванні грамадзян пасведчанне, адметны нагрудны знак або нарукаўную эмблему (павязку) з сімволікай добраахвотнай дружыны.

Абавязкі дружыннікаў дакладна апісвае артыкул 16 Закона. Напрыклад, дружыннікі не павінны дапускаць неабгрунтаванага абмежавання правоў і свабоды грамадзян, здзяйснення дзеянняў, якія маюць на мэце прыніжэнне гонару і годнасці чалавека і грамадзяніна.

Права дружыннікаў таксама прапісваюцца ў Законе. Дружыннікі могуць затрымліваць правапарушальнікаў, забіраць прылады злачынства ці рэчы, якія пагражаюць здароўю ці жыццю дружынніка.

Таксама дружыннікі могуць прымяняць фізічную сілу, аднак перад гэтым трэба папярэдзіць правапарушальніка аб гэтым.

«Ужыванне фізічнай сілы з прычыненнем цялесных пашкоджанняў у дачыненні да жанчын з бачнымі прыкметамі цяжарнасці, асоб з відавочнымі прыкметамі інваліднасці і непаўналетніх, калi ўзрост вiдавочны або вядомы (акрамя выпадкаў аказання названымі асобамі збройнага супраціву, здзяйснення нападу, якi пагражае жыццю і здароўю грамадзян), забараняецца», — адзначаецца ў Законе.