Віляйчанка Насця Вайтовіч.

Насця Вайтовіч сёлета скончыла гімназію «Логас» і паступіла на бюджэт у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Мела шмат планаў на вывучэнне замежнай мовы, другую вышэйшую адукацыю, але…

Па словах нашай зямлячкі, яе дэталёва распланаванае жыццё зламалася ў адно імгненне. У канцы кастрычніка Насцю выключылі з універсітэта. І ўсё ж дзяўчына прызнаецца: калі б была магчымасць адкруціць жыццё назад, яна нічога б у сваіх паводзінах не змяніла.

У гімназіі была выдатніцай і актывісткай

– У гімназіі жыццё было яркім і насычаным. Я не толькі выдатна вучылася. Удзельнічала ў алімпіядах, КВЗ, танцавала. Карацей, была актывісткай, – прыгадвае дзяўчына школьныя гады.

Праўда, палітыкай Насця цікавілася ўжо тады. Але найбольш актыўна пачала дзейнічаць летам гэтага года: расклейвала ўлёткі, ездзіла па вёсках з агітацыяй.

Калі ж паступіла ў лінгвістычны, дарэчы, без цяжкасцей і з вялікім запасам балаў, ад другога тыдня вучобы далучылася да студэнцкіх пратэсных акцый:

– Пазнаёмілася з палітычна актыўнымі хлопцамі і дзяўчатамі. Разам мы запісалі відэазварот да адміністрацыі ўніверсітэта, на які кіраўніцтва не адрэагавала, – дзеліцца былая студэнтка.

Зламалі рабро падчас патасоўкі з АМАПам

Былі і іншыя акцыі. Студэнты спявалі песні, стаялі з кветкамі і белымі аркушамі. Часам да студэнтаў далучаліся некаторыя выкладчыкі. За ўдзел у мірных акцыях дзяўчына атрымала вымову ва ўніверсітэце.

Але прызнаецца: пачуццё гонару было куды мацнейшым за крыўду. Таму Насця працягнула ўдзельнічаць у мірных пратэстах.

Падчас акцыі 26 кастрычніка мая суразмоўца трапіла ў бальніцу. Вось як гэта адбылося:

– У гэты дзень была чарговая студэнцкая мірная акцыя, толькі больш маштабная. Удзельнічала некалькі ВНУ. Мы з аднакурснікамі прыйшлі да юрыдычнага корпуса БДУ. Калі прыехаў АМАП, усталі ў счэпку. АМАП пачаў адцясняць нас з дарогі да машын, што стаялі побач. У выніку мяне натоўпам прыціснула да адной з машын. Мне паламалі рабро. Так я апынулася ў бальніцы. Сёння ўжо адчуваю сябе нармальна.

На мірнай акцыі ў родным горадзе.

З пачуццяў быў толькі страх

Пра сваё адлічэнне Насця даведалася ад дэкана факультэта. Той уручыў дзяўчыне загад для азнаямлення і подпісу і сказаў, што яму вельмі шкада. Свае пачуцці ў той момант віляйчанка памятае і сёння:

– З пачуццяў быў толькі страх. Я ж распланавала сабе жыццё наперад: думала, буду вучыцца, авалодаю замежнымі мовамі, пасля атрымаю другую вышэйшую адукацыю на юрфаку. І тут, у адно імгненне, маё дэтальна распланаванае жыццё паламалася. Я вельмі ўдзячная блізкім, сям’і за падтрымку і дапамогу. Удзячная аднагрупнікам, якія раздзяляюць мае погляды і сёння дабіваюцца майго аднаўлення ва ўніверсітэце.

Вельмі б не хацелася з’язджаць з Беларусі

Цяпер Насця жыве ў Мінску. Кажа, з’язджаць з Беларусі вельмі б не хацела, проста таму, што гэта яе радзіма. Спрабуе пачаць вучобу за мяжой дыстанцыйна. Плануе прайсці ІТ-курсы, далей займацца замежнымі мовамі.

– Калі б мне далі магчымасць усё памяняць ад 1 верасня, я б нічога не мяняла. Пра свае ўчынкі не шкадую. Лічу так: той, хто трымаецца нейтральнай пазіцыі ў сітуацыі несправядлівасці, падтрымлівае бок прыгнятальніка, – перакананая суразмоўца.

Фотаздымкі са старонкі гераіні vk.com.

• Текст доступен на языке: Русский