Мадэлі ў хустках.

У беларускамоўнай групе смаргонскага садка №8 з чатырохгадовымі выхаванцамі і іх бацькамі ўвасобілі праект «Бабуліна хустка».

Неяк аднойчы падчас гульні з лялькамі дзеці заўважылі, што лялька ў хустцы выглядае як бабулька. І, сапраўды, у сучасным жыцці дзеці часцей бачаць у хустках сталых жанчын.

Чытаючы казкі, заўважаюць, што бабуля заўсёды намаляваная ў хустачцы. Так у малых фарміруюцца пэўныя вобразы і стэрэатыпы.

Гісторыя ўбору: Ад наміткі да хусткі

Раней хустка займала вельмі важнае месца сярод жаночага адзення. Яна дадавала прывабнасці, жаноцкасці і завершанасці вобразу, дэманстравала не толькі густ уладальніцы, але і статус, заможнасць, рэгіянальныя адметнасці мясцовасці.

Прычым хусткі дзяўчынкі насілі ўжо з маленства, паступова  авалодваючы асаблівасцямі іх выкарыстання.

Каб пашырыць уяўленні выхаванцаў сваёй групы пра гэты незаслужана забыты прадмет жаночага гардэробу, узнікла ідэя стварыць фотапраект «Бабуліна хустка».

Мы звярнуліся да гісторыі хусткі і даведаліся, што спярша беларускі насілі наміткі. Намітка ўяўляе сабой паласу з вельмі тонкага белага кужэльнага льнянога палатна, радзей – з канаплянай або шаўковай тканіны, шырынёй 30-70 сантыметраў і даўжынёй ад трох да пяці метраў. Яна пэўным чынам завязваецца вакол галавы.

Завязваць наміткі было доўга і складана. Таму паступова жанчыны перайшлі да хустак, спачатку льняных або даматканых, а пазней да фабрычных крамных.

Як праходзіла фотасесія

Дзяўчаты і жанчыны насілі самыя розныя хусткі: паўлапасадскія і баранаўскія, шаліноўкі і хусткі-абхінанкі, пуховыя і набіваныя, вязаныя кручком і шаўковыя.

Хусткамі ўпрыгожвалі галаву і накідвалі іх на плечы.

Каб зацікавіць дзяцей беларускамоўнай групы гісторыяй хусткі, мы зладзілі серыю фотасесій, галоўным акцэнтам якіх былі бабуліны хусткі. Дзяўчынкі па чарзе прымяралі хусткі, дэманструючы розныя вобразы – старажытныя і сучасныя.

У працэсе фотасесій усе дзеці з задавальненнем прымалі непасрэдны ўдзел. Хтосьці дапамагаў апранаць мадэляў, іншыя падавалі неабходныя атрыбуты. А яшчэ дзеці задавалі шмат пытанняў наконт выбраных вобразаў. Выхаванцам было цікава, яны атрымалі новыя веды і станоўчыя эмоцыі.

Цяпер хусткі з’яўляюцца для дзяцей больш знаёмымі і выдатна адаптуюцца ў сучасным гардэробе дзяўчынак.

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский