15 лістапада ў Маладзечне пратэстоўцы прайшлі шэсцем па Вялікім Гасцінцы, памаліліся каля помніка пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі. Усё гэта адбывалася ў суправаджанні сілавікоў у балаклавах.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Маладзечанцы пачалі збірацца каля Чырвонага касцёла. Там людзі памаліліся, а потым пайшлі шэсцем па Вялікаму Гасцінцу.
Спачатку сілавікі дзяжурылі каля Лядовага палаца, а пасля на двух аўтамабілях суправаджалі дэманстрантаў на іх шляху. Людзі адзначалі, што падчас шэсця было незвычайна мала міліцыі.
Масавыя пратэстныя акцыі прайшлі ў Беларусі з нагоды смерці Рамана Бандарэнкі, які загінуў пасля таго, як дактары прывезлі яго непрытомнага з аддзялення міліцыі.
Дэманстранты скандавалі шматлікія лозунгі: «Жыве Беларусь!», «Далучайся!», «Рома!», «Сыходзь!». Калі пратэстоўцы ішлі каля сілавікоў, то ім крычалі «Забойцы!».
Па дарозе да людзей падыходзілі мінакі, далучаліся да шэсця. Не абыйшлося без жанчын і мужчын сталага ўзросту, якія негатыўна рэагавалі на пратэстоўцаў. Яны выкрыквалі ім услед, што дэманстранты хочуць вайны і з’яўляюцца здраднікі.





Фінальнай кропкай шэсця стаў помнік пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі. Людзі ўсклалі кветкі, запалілі свечкі, маліліся. Перад малітвай на помнік паклалі бел-чырвона-белы сцяг.
Сілавікі пакінулі дзве машыны на ўваходзе ў парк. З некалькіх бакоў акружылі людзей, пакуль тыя маліліся ля помніка.
Пасля малітвы пратэстоўцы разышліся. Нам вядома пра затрыманне мінімум трох чалавек — Дыяна Дашчынская, Уладзіслаў Мурзін, Аляксандр Махоцін. Сілавікі затрымалі іх па адзіночцы. Затрыманняў падчас шэсця не было.
Фота Настассі УТКІНАЙ.