Яму было 72 гады. Пра смерць паведаміў у сваім фэйсбуку журналіст АНТ Аляксандр Мацяс.
Уладзімір Шчасны нарадзіўся ў 1948 годзе ў Смаргоні, тут скончыў сярэднюю школу №2. Скончыў Мінскі інстытут замежных моў. Працаваў у Пакістане, Літве, Вялікабрытаніі. У апошняй краіне быў паслом Беларусі (1995 — 2000).
Уладзімір Шчасны быў вядомы як пісьменнік і перакладчык. Перакладаў на беларускую мову з англійскай і ўрду – адна з дзвюх дзяржаўных моў у Пакістане.
Апошнія гады з’яўляўся кансультантам Упраўлення інфармацыйнай палітыкі «Белгазпрамбанка», які ўзначальваў Віктар Бабарыка. Шчасны быў адным з тых, хто прапаноўваў «Белгазпрамбанку» выкупляць у Беларусь творы мастакоў парыжскай школы.
У 2003 годзе быў ініцыятарам правядзення ў Залессі, на Смаргоншчыне, міжнароднай канферэнцыі «Гістарычныя сядзібы. Стан і перспектывы», а таксама падрыхтоўкі пры садзейнічанні ЮНЕСКА дакументаў на рэстаўрацыю былога маёнтка Агінскага і атрыманне копіі архіва кампазітара з Дзяржаўнага архіва старажытных актаў у Маскве.
У 2015 годзе ўдзельнічаў у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Культурная спадчына роду Агінскіх і яе значэнне для сучаснага развіцця грамадства» у Маладзечне.
Лічыўся адным з найбольш паважаных і аўтарытэтных беларускіх дыпламатаў.
• Текст доступен на языке: Русский