Былы дырэктар Мінскага абласнога драматычнага тэатра Юры Крывенькі.

Былы дырэктар драмтэатра Юрый Крывенькі расказаў пра творчасць, калектыў, культуру

Ад 2 лістапада Юрый Крывенькі вызваліў пасаду дырэктара Мінскага абласнога драматычнага тэатра пасля 11 сезонаў працы. Сёлета разам з калектывам ён рыхтаваўся святкаваць 30-гадовы юбілей установы, але атрымалася так, што былы кіраўнік і шмат­дзетны бацька шукае новую працу.

Мы паразмаўлялі з Юрыем Паўлавічам пра тое, як культура ўплывае на грамадства, асэнсаванасць і задаволе­насць жыццём.

«Які ж ты дырэктар,у цябе ні жывата, ні лысіны»

– Ці было нечакана, што не працягнуць кантракт?

– Пры сустрэчы ў кіраўніцтва было жаданне са мной яшчэ папрацаваць, прынамсі да юбілею тэатра, які будзе ў лютым. Ёсць вялікія заслугі ў калектыву, які захаваўся. І ў размовах абмяркоўвалі, што папрацуем. Пасля ўсё кардынальна змянілася.

– Вы мэтанакіравана ішлі ў творчую сферу? З дзяцінства бачылі сябе ў творчым асяродку?

– У дзяцінстве расказвалі пра прафесіі доктара, педагога так, што ў мяне склалася ўражанне, нібы гэта спецыялісты, якія выходзяць з дынастый, выхоўваюцца з сям’і.

У культуру я трапіў выпадкова. У нашу 11 школу прыйшлі з цэнтральнай музычнай школы, мы гурбай вырашылі пайсці. Скончыў музычную школу па класу баяна. Пасля спадабалася гучанне духавых інструментаў. У апошні год школы паралельна займаўся ў музвучылішчы, паступіў.

Заўсёды трапляў да добрых педагогаў – тых, якія вучылі любіць тое, чым займаліся самі. Пасля паступіў у Акадэмію музыкі. Спачатку бачыў сябе вайсковым дырыжорам – эстэтыка, прыгажосць, парадная форма. Гэта нейкая магія, якая зачароўвае. Атрымалася па-іншаму. Дырэктар Рыгор Сарока прапанаваў падчас вучобы прыязджаць і працаваць у музвучылішчы.

У сферы культуры ў Маладзечне добрыя традыцыі. Раней было прынята, каб майстры гадавалі вучняў, рыхтавалі змену.

Прапанавалі паспрабаваць сілы на пасадзе кіраўніка музычнай школы духавых інструментаў. Там быў добры калектыў, шмат выступленняў, фестываляў, укамплектавалі добрую базу.

Пасля прапанавалі ўзначаліць тэатр – а чаму б і не? Тым больш, атрымліваў яшчэ эканамічную адукацыю завочна, сіл хапала, сям’я ўжо была, хацелася нечага дабіцца ў жыцці. У тэатры калектыў прыняў з першых дзён. Праца была абсалютна новай.

Той час быў багаты на цудоўных людзей, якія з задавальненнем аддавалі досвед, ад майстра да майстра, ад душы да душы.

Трэба было наладжваць сувязі, знаёміцца з рэжысёрамі, дырэктарамі. І яны ўсё смяяліся: «Які ж ты дырэктар, у цябе ні жывата, ні лысіны». У сваю кагорту мяне прынялі хутка, расказалі шмат сакрэтаў. Вельмі значнай была падтрымка дырэктара «Батлейкі» Алы Паляковай, яна многае падказвала. Праз сувязі знаёміўся з кіраўнікамі, так і атрымалася пасля супрацоўнічаць з украінскімі і расійскімі тэатраламі. Калегі дзяліліся, як знаходзіць баланс паміж адміністрацыйным рэсурсам і багатай творчай праслойкай.

Кіраўнік аберагае калектыў ад знешняга ціску, дае свабодна дыхаць.

У тэатры вельмі шмат асоб. Цяпер у трупе 21 акцёр, і яны ўсе неабходныя тэатру. Нельга без вядучых майстраў. Вялікая каштоўнасць, што ў тэатры працуе Алег Чэчанеў, Сяргей Карзей, Алена Рахмангулава, Ірына Камышава, Таццяна Карпец, Людміла Рошчына. Старажылы Эмілія Ларыёнава, Барыс Донін, Іра Кляпацкая. Маладыя акцёры Павел Святоха, Мікіта Богдан, Наталля Скарынка, Кацярына Шчэрбач, Яўгенія Стацэнка, якія ўжо прыкіпелі да тэатра. Андрыян Барткевіч, Павел Сцяпанаў, Дзяніс Фешчанка і іншыя. Яны ўсе розныя, але кожны на сваім месцы, са сваімі амбіцыямі. Ім усім ёсць што расказаць, хаця наш менталітэт не дае магчымасці раскрыцца. Акцёры з суседніх краін больш дзеляцца ўнутраным светам.

У калектыве між сабой стасункі, як у сям’і – калі трэба, абдымуць, падба­дзёраць, калі трэба – пакрытыкуюць. На гастролях яны робяць так, што зала замірае. Яны могуць зрабіць тое, што не могуць іншыя – дзве га­дзіны трымаюць у напружанні, ты разам з імі дыхаеш, а пасля сыходзіш у разважаннях. На гастролях нас вельмі добра прымаюць, а ў Маладзе­чне мы свае. На словы мы ўсе скупыя, па сабе заўважаю. Іншы раз пахваліць, сказаць добрае слова – такая каштоў­насць, якая запылілася.

Каб такі пыл не з’яўляўся, павінна быць культура ва ўсіх праявах – тэатр, музыка, жывапіс. Каб людзі не чарсцвелі.

Каб добра працаваць, трэба адчуваць сябе спакойна і гарманічна

– Ці адчуваеце вы па жыхарах Маладзечна, што яны жывуць у асаблівым культурным асяродку?

– Раней адчуваў, апошнія два гады не адчуваю. Мне падаецца, што заглушылі ў нас культуру ў горадзе. Таленавітых людзей вельмі шмат, але што трэба рабіць, каб усё гэта развівалася. Здаецца, у нас больш часу – пазней кладзёмся, раней устаём, больш чытаем, штосьці шукаем, але нечага не адбываецца.

Каб разабрацца, чаму штосьці не атрымліваецца, трэба абмяркоўваць. Праўда нараджаецца ў размове.

У многіх грамадствах, калі ёсць нейкі выклік, збіраецца рада старэйшын. Тыя людзі, якія маюць досвед, аўтарытэт, вырашалі, што трэба рабіць, і да іх прыслухоўваліся. Думаю, што прыйшоў час прыслухацца і нам. У нас ёсць людзі, якія вельмі шмат зрабілі для Маладзечна – з улады, вытворчасці, культуры, адукацыі. Сабрацца і паразмаўляць, што так, што не так.

Звонку ў нас усё чыста і прыгожа, а ўнутраны складнік няпросты. Мы ўсе ў працы і клопатах, так і жыццё праходзіць. Добра, калі ў чалавека ёсць сям’я і блізкія людзі. Але жыццё, наладжанае толькі на тое, каб зарабіць грошы, – гэта неяк не зусім правільна, пэўна.

Павінен быць час для іншага боку жыцця

– Культура патрабуе, каб на яе выдаткоўвалі грошы. Але чым гэта апраўдана, як культура ўплывае на жыхароў?

– У кожнага свае культурныя патрэбы. Тэатр, канцэрт, кнігу ў бібліятэцы пачытаць. І назаўтра чалавек ідзе задаволены на працу, зусім з іншым настроем, і працуе зусім па-іншаму. Каб чалавек добра працаваў, ён павінен адчуваць сябе спакойна і гарманічна. Мы ж то не дасыпаем, то недаядаем, мала ходзім.

Старэйшае пакаленне ў нас забыта, ім жа ня­шмат трэба – камунікацыя. Яны ж гэтае жыццё будавалі. Усё, што адбываецца, ідзе ад іх. А цяпер яны крыху на ­ўзбочыне.

Культура – гэта развіццё нацыі. Тое, што мы хочам убачыць у будучыні. Бацькі хочуць, каб дзеці развіваліся, і хаця гурткі нятанныя, ты бачыш, куды гэта ідзе. Чалавек павінен развівацца шматбакова. Мастацкая або музычная школа – гэта норма, без гэтага нельга, калі мы хочам ганарыцца сваёй краінай і жыхарамі. У кожнага чалавека, які чагосьці дабіўся, будзе гэтае зерне культуры.

Добрае жыццё складаецца з добрых дэталяў. Жыццё – гэта таксама ў нейкім сэнсе механізм, які мы складаем. Кожная добрая дэталька дае агульную якасць.

Вельмі не хапае камунікацыі. Здаецца, мы шмат камунікуем, але паслухайце, пра што гавораць людзі ў піцэрыі, у парку. Для мяне паказальнай была паездка ва Украіну. Мы кажам, што ў нас чыста і прыгожа – гэта добра, але яно проста павінна быць так.

Ва Украіне былі праблемы з дарогамі, напрыклад, хаця яны гэта вырашаюць. Але ідзеш па скверы, дзядкі гуляюць у шахматы, даміно, хтосьці малюе. Вяртаешся, і не разумееш, што не так. А пасля асэнсоўваеш, што ўнутраны складнік зусім іншы – свабода, настрой. Калі выдыхнуў – і табе добра. У нас жа ўсё заціснута, на нейкім уздыху, не­зразумелы дыскамфорт.

Мы ўсе прыходзім на працу рабіць сваю справу, але павінен быць час для іншага боку жыцця, сям’і, іншых уражанняў. Не ва ўсіх атрымліваецца, таму і сем’і распадаюцца.

Вось сабраць бы пары, якія па пяць, дзесяць гадоў разам, і спытацца: а калі вы апошні раз хадзілі ў кіно, дарылі адно аднаму падарункі, шапталі прыемнае; калі здараліся спрэчкі, то як вырашалі? І калі распытацца, то там проста каравул, і гэта ў большасці.

– Падчас вашага кіраўніцтва было шмат тэатральных эксперыментаў – опера, спектакль пра прастытутак, пастаноўка па творы Алексіевіч. Ці апраўдана гэта было?

– Калі б былі неапраўданыя, глядач бы не прыходзіў. Формулу тэатра я выпрацоўваў увесь час – як вытрымаць баланс паміж забаўляннем і павучаннем. І цяпер відаць, што ўсё гэта было пастаўлена своечасова. Тэатр створаны для таго, каб чалавек у сабе пакапаўся – не органы ці нехта яшчэ, а сам чалавек. Кожны ж сам сабе галоўны суддзя.

– Наколькі складана было працаваць з фінансавай часткай?

– З гэтым і далей будзе складана. Можна патрабаваць, каб тэатр зарабляў. Але ёсць шмат нюансаў, якія нельга пралічыць. У нас усё складвалася, каб гэты сезон фінансава быў вельмі добры. Падрыхтавалі два шыкоўныя матэрыялы да 75-годдзя перамогі. Былі запланаваныя вялікія гастролі, дагаворы. Быў добры задзел, каб юбілей спраўляць у добрым настроі. Але здарылася пандэмія, а лыжка дарагая да абеду. Як знаходка была магчымасць паказваць спектаклі ў анлайн-рэжыме. Так, заробкі невысокія, але іх атрымліваюць без затрымак.

Некаторыя акцёры мараць пра Мінск, аднак трэба разумець, што там не так і проста, а тут іх ведаюць, яны зоркі.

– Што вам дало дэпутацтва ў мясцовым Савеце дэпутатаў?

– Дэпутаты – гэта тыя, хто чагосьці дабіўся і з кім можна вырашаць пытанні. Гэта шмат знаёмстваў з людзьмі, якія ведаюць, што трэба рабіць. Сутыкаўся з праблемамі, з якімі прыхо­дзілі людзі. У мікрараёне Фестывальны былі праблемы з дарогамі – чалавек выходзіць з дому ў ботах, выязджае і тады пераабуваецца. Многія пытанні дэпутацтва дапамагло вырашаць хутка. Гэта многае дае кіраўнікам, якія хочуць прайсці добрую школу.

Але пасля шмат часу давялося аддаваць кантынгенту людзей з асацыяльным ладам жыцця. Я лічу, што больш увагі патрэбна аддаваць тым, хто прыносіць карысць. Выклікаюць чалавека раз за разам і пытаюцца, калі той возьмецца за галаву, а без увагі застаецца інжынер, які з двума дзецьмі жыве ў інтэрнаце.

Чаму гэты інжынер павінен вырашаць усё сам, а таго просяць кінуць піць раз за разам?

– Як на калектыве адбіліся жнівеньскія падзеі?

– Калі чалавек прыходзіць на працу ў разабраным стане, яго трэба настроіць. Бывае, што чалавек не можа настроіцца. У нас якраз ішлі рэпетыцыі прэм’еры «Хайп». Мы шмат размаўлялі, каб супакоіцца і працаваць. Калі стала вядома пра затрыманні Паўла Святохі і Дзяніса Аксёнава, вырашылі, што акцёраў пасля працы будзем развозіць аўтобусам. Каб я быў упэўнены, што людзі дома, з сем’ямі.

Мне давялося сустракацца з начальнікамі РАУС Маладзечна і Дзяржынска, каб абмеркаваць сітуацыю. Пра тое, што акцёры будуць запісваць відэазварот з пасылам супраць гвалту, я ведаў, абмяркоўваў гэта з мастацкім кіраўніком Валерыем Анісенкам. Мы зразумелі адзін аднаго – што ён бярэ на сябе адказнасць, дамовіліся пра тое, як гэта будзе выглядаць.

– Гэта стала прычынай таго, што аблвыканкам не працягнуў вам кантракт?

– Я лічыў, што працаваў добра. Але мяркуецца, што заўсёды можна лепш. Кіраўніку самае простае – сказаць «Вы да мяне не падыходзілі», калі нешта здарылася. Кіраўнік мусіць усім цікавіцца і быць у курсе таго, што адбываецца.

Я заўсёды быў на баку калектыву.

– Ці вярнуліся б вы, калі б была магчымасць?

– Не ведаю. Тэатр дарагі для мяне. Але патрабаванні будуць яшчэ вышэйшыя. Калектыў заўсёды чакае прарыву ад кіраўніка. Мы ўсе хочам росту і руху. А цяпер перад намі каламутная вада, з якой спрабуеш нешта вылавіць, а там усё вылаўлена. Будзе яшчэ больш адказна, чым у першы раз.

– Якім было ваша развітанне з калектывам?

– Вельмі кранальным. Я доўга да яго рыхтаваўся, думаў, што хачу данесці. Не ведаю, да чаго я так дасканала рыхтаваўся апошні раз.

Папрасіў калектыў, каб не разбягаліся.

– Ці прыйдзеце вы на юбілей тэатра?

– Вядома, абавязкова. Часцінка мяне засталася ў тэатры.

• Текст доступен на языке: Русский