Сёння судзілі Уладзіслава Мурзіна, якога затрымалі ў нядзелю ў Маладзечне. «Рэгіянальная газета» расказвае, чым завяршылася пасяджэнне.

Судовае пасяджэнне вяла суддзя Вікторыя Паляшчук.

Уладзіслаў хадайнічаў прызначыць свайго бацьку Дзмітрыя Мурзіна абаронцам. Суддзя ўхваліла хадайніцтва.

Уладзіслава Мурзіна абвінавачваюць па двух артыкулах КаАП — удзел у мітынгу і непадпарадкаванне. Уладзіслаў часткова прызнаў віну.

Што сказаў на судзе Уладзіслаў Мурзін

15 лістапада Уладзіслаў Мурзін шпацыраваў па парку. Ён знаходзіўся каля банку насупраць шостай школы, калі ўбачыў калону людзей, якая ішла па праспекце.

— У некаторых людзей у калоне была бел-чырвона-белая сімволіка. Некаторыя можа быць крычалі нейкія лозунгі. Я не памятаю, якія.

Уладзіслаў пацвярджае, што ведаў, што гэта была за калона. Кажа, што ў памяць Рамана Бандарэнкі. Ён прайшоў побач з ёй да парку, а потым сустрэўся з сябрам і яны разам пайшлі ў бок стадыёна. Міліцыянераў бачыў на адлегласці ўжо ў парку, яны здымалі людзей на відэакамеру.

Уладзіслаў разам з сябрам ішлі ў краму і па дарозе ўбачылі міліцыю ў машыне.

— Міма ехаў міліцэйскі аўтамабіль, мы да прыпынку ўжо падышлі. Кіроўца павярнуў відэарэгістратар у наш бок, супрацоўнікі пачалі выбегаць. Стала страшна. Ніякіх патрабаванняў не чуў, нават не быў упэўнены, што беглі за мной. І я пабег.

Уладзіслаў зразумеў, што яго даганяюць на машыне. Спыніўся, сказаў, што не супраціўляецца. Па словах Уладзіслава, калі яго затрымлівалі, то двойчы пырснулі пярцовым балончыкам.

Суддзя: Чаму пабеглі?

Мурзін: Спужаўся супрацоўнікаў.

Суддзя: Чаму?

Мурзін: У сувязі з апошнімі падзеямі.

Сведка Матуз

Сяргей Матуз — супрацоўнік Маладзечанскага РАУС. 15 лістапада быў на службе па ахове па грамадскага парадку.

— Знаходзіліся на тэрыторыі гарадскога парка каля помніка. Не ведаю, як ён там называецца. Там сабраліся людзі, праходзіла масавае мерапрыемства. Назіралі за ўсім гэтым, тады нікога не затрымлівалі.

Па словах міліцыянера, Мурзін разам з натоўпам стаяў каля помніка. Матуз у гэтым час сядзеў у службовай машыне. Па рацыі атрымалі каманду на затрыманне двух людзей — Мурзіна і яго сябра, якія ішлі каля тэатра. Міліцыянеры пад’ехалі да таго месца.

— Выйшаў мой напарнік Закамскі. Папрасіў гэтых грамадзян падысці да машыны. Грамадзяне пачалі бегчы. Закамскі пабег за Мурзіным, я на аўто таксама паехаў за імі.

Пасля Закамскі разам з Матузам пераследвалі Мурзіна на аўтамабілі, а затым затрымалі. Супраць Мурзіна прымянілі пярцовы газ.

Сведка Закамскі

Захар Закамскі — супрацоўнік Маладзечанскага РАУС. 15 лістапада разам з Матузам знаходзіўся на службе па ахове грамадскага парадку. Па словах Закамскага, у той дзень у Маладзечне праходзілі несанкцыянаванае шэсце і несанкцыянаваны мітынг.

— У парку свечкі ставілі, песні пелі, пляскалі ў далоні, крычалі «Жыве Беларусь!». Іх было каля 100-150 чалавек.

Закамскі сядзеў разам з Матузам у службовым аўтамабілі. Ён бачыў Мурзіна, і як той пачаў разам з сябрам адыходзіць. Матуз і Закамскі пад’ехалі да хлопцаў на машыне пасля таго, як атрымалі каманду па рацыі.

— Я выйшаў, пазваў іх. Яны пабеглі ў бок бальніцы, у бок прыёмнага пакоя. Машына ў гэты час павярнулася, падабрала мяне, мы пераследвалі Мурзіна. Я выбег і схапіў яго.

Па словах Закамскага, пры затрыманні Мурзін спрабаваў вырвацца. Міліцыянер прымяніў газ, надзеў кайданкі.

***

У Уладзіслава Мурзіна арыштавалі мабільны тэлефон. Нагадаем, тэлефон арыштавалі і ў Аляксандра Махоціна, якога судзілі ў гэты ж дзень і таксама затрымалі 15 лістапада.

Суддзя Вікторыя Паляшчук прызнала Уладзіслава Мурзіна вінаватым ва ўдзеле ў мітынгу і непадпарадкаванні супрацоўніку органаў унутраных спраў. Суд пастанавіў пакараць Мурзіна арыштам на 12 сутак.

• Текст доступен на языке: Русский