Аляксандр Махоцін з адвакатам.

Аляксандра Махоціна затрымалі ў нядзелю, 15 лістапада, пасля шэсця ў Маладзечне. З аддзялення міліцыі мужчыну вазілі ў бальніцу, дзе аказвалі дапамогу. Махоцін сцвярджае, што пры затрыманні яго збілі. «Рэгіянальная газета» расказвае, як прайшоў суд і якое пакаранне атрымаў маладзечанец.

Карэспандэнт «РГ» паспела паразмаўляць з Аляксандрам у перапынку судовага пасяджэння. Ён паведаміў, што пры затрыманні яго збілі. Мужчына мяркуе, што дубінкай — ударылі некалькі разоў, у тым ліку па галаве. Ён не ведае, хто з супрацоўнікаў гэта зрабіў, таму што яны былі ў балаклавах. З аддзялення міліцыі яго вазілі ў бальніцу.

Аляксандра даставілі ў суд з марлевым тампонам на галаве. Па яго словах, яго збілі пры затрыманні.

Судовае пасяджэнне вядзе суддзя Барэйка. Аляксандра Махоціна абараняе адвакат Анатоль Клімовіч.

Згодна з пратаколам Махоцін удзельнічаў у шэсці, каб выказаць незадаволенасць сацыяльна-палітычнай сітуацыяй у краіне, а пры затрыманні аказаў непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў.

Аляксандр Махоцін прызнаў вінаватым сябе часткова.

Абаронца Клімовіч хадайнічаў аб выкліку сведкі Вольгі Партных, якая бачыла затрыманне Махоціна — суд ухваліў. Па словах адваката, Махоціна павінны вызваліць з-пад варты, таму што затрыманы не падпісваў пратакол аб адміністрацыйным арышце — суддзя адхіліў.

Што расказаў Махоцін на судзе

15 лістапада Аляксандр прыехаў да Модуля па справах. Ён бачыў, што ля Чырвонага касцёла сабраліся людзі. Падышоў запытацца, з якой нагоды яны там стаяць. Яму патлумачылі, што збіраюцца ўшанаваць памяць Рамана Бандарэнкі.

— Я быў вельмі ўзрушаны, калі пабачыў навіны пра гэта. Усё-ткі чалавек быў вельмі малады.

Аляксандр вырашыў пайсці разам з людзьмі. Ішоў у навушнікаў, таму не чуў, што казалі супрацоўнікі міліцыі. Ён адзначыў, што ўдзельнічаў у шэсці з-за смерці Рамана Бандарэнкі, а не праз сацыяльна-палітычную сітуацыю ў краіне, як пазначана ў пратаколе. Пасля шэсця і малітвы каля помніка пакутнікам ён пайшоў на працу. Па дарозе ўспомніў, што забыў ключы ад працы ў машыне, таму пайшоў да Модуля. У дварах каля шостай школы Махоціна затрымалі.

Па словах Аляксандра, ён перабегаў дарогу і бачыў, што паблізу едзе міліцэйскі аўтамабіль. Махоцін звярнуў увагу на яе толькі тады, калі машына газанула. Мужчына апісвае сваё затрыманне так:

— Пачуў крык: «Стаяць! Страляць буду!». Спужаўся. Спыніўся. Я іх не бачыў, яны былі за маёй спінай. Падбеглі, заламалі рукі, ударылі па галаве. Пабачыў міліцэйскую форму толькі ў аўто.

Сведка Судніковіч

Дзмітры Судніковіч — супрацоўнік Маладзечанскага РАУС. У нядзелю знаходзіўся на службе па ахове грамадскага парадку. Ён назіраў за шэсцем ад Чырвонага касцёла да помніка пакутнікам.

Каля шостай школы частка людзей звярнула да рынка, а міліцыянеры аб’язджалі з іншага боку па дварах. У дварах Судніковіч пабачыў Махоціна. Па словах міліцыянера, калі мужчына пабачыў міліцэйскі аўтамабіль, звярнуў у іншы бок. Судніковіч крыкнуў «Стаяць!», гэтае самае крыкнуў яшчэ адзін міліцыянер, дадаўшы «Страляць буду!».

Судніковіч адзначыў, што Махоцін бег ад супрацоўнікаў, але ўпаў, і пасля гэтага мужчыну затрымалі. Міліцыянер сказаў, што ніякія спецсродкі не прымяняліся, а затрыманаму толькі заламалі рукі за спінай.

У рапарце супрацоўніка міліцыі, які зачытаў суддзя, пазначалася, што ў шэсці ўдзельнічалі 40 чалавек. А гэта здымак з нядзельнага шэсця.

Сведка Паўчанка

Максім Паўчанка — старшы інспектар Маладзечанскага РАУС. 15 лістапада разам с Судніковічам знаходзіўся на службе па ахове грамадскага парадку ў Маладзечне.

Паўчанка расказаў, што па Вялікім Гасцінцы прайшло шэсце, а ў раёне шостай школы людзі разышліся. Падчас затрымання Махоціна Паўчанка знаходзіўся ў службовым аўтамабілі, не бачыў усе абставіны затрымання. Аднак адзначыў, што затрыманага не білі.

Сведка Партных

Вольга Партных знаходзілася за інтэрнатам каля рынка. Жанчына бачыла ў дварах міліцэйскі аўтамабіль. Яна назірала, як чацвёра міліцыянераў выскачылі з машыны, схапілі мужчыну. Двое супрацоўнікам адкрылі дзверы, каб туды потым пасадзіць затрыманага. Па словах Вольгі, усё адбывалася вельмі хутка.

Суддзя зачытаў пісьмовыя матэрыялы справы. Згодна з рапартам супрацоўніка міліцыі, імя і прозвішча суддзя Барэйка не назваў, у нядзельным шэсці ўдзельнічала каля 40 чалавек. Па падліках нашых карэспандэнтаў, у акцыі ўдзельнічала некалькі сотняў чалавек.

У матэрыялах справы быў і аператыўны відэазапіс. Махоцін убачыў сябе на ім толькі з чацвёртай спробы. У аддзяленні міліцыі пасля затрымання ў мужчыны арыштавалі мабільны тэлефон і грошы (134 рублі).

Аляксандр Махоцін папрасіў у суддзі не даваць яму суткі, таму што з’яўляецца адзіным кармільцам у сям’і. Яго жонка цяпер цяжарная, у яго ёсць двое дзяцей.

Суддзя Барэйка прызнаў Аляксандра Махоціна вінаватым у парушэнні артыкулаў 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне). Суд пастанавіў пакараць Махоціна арыштам на 12 сутак. Арышт тэлефона і грошаў адмянілі.

• Текст доступен на языке: Русский