Фота Аксаны Ярашонак.

Колькасць тых, хто заразіўся каранавірусам, вырасла ў свеце за мінулы тыдзень амаль на 4 мільёны, гэта самы высокі паказчык з пачатку пандэміі. Колькасць выпадкаў са смяротным зыходам павялічылася больш чым на 59 тысяч, паведаміла ў ноч на сераду Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ), піша ТАСС.

Ад 8 да 15 лістапада ў свеце былі зарэгістраваныя 3 977 223 новыя выпадкі заражэння і 59 699 смяротных зыходаў. Абодва паказчыкі істотна выраслі ў параўнанні з папярэднімі сям’ю днямі, калі было выяўлена 3 695 495 новых хворых, а памерлі 54 835 чалавек.

«Хоць рэгіён Еўропы працягвае паведамляць аб самым вялікім ліку тых, хто захварэў (46%), на мінулым тыдні ён знізіўся на 10% [у параўнанні з папярэднімі сям’ю днямі] з прычыны ўзмацнення мер у галіне аховы здароўя і грамадскіх мер», — сказалі ў СААЗ. У Старым Свеце з 8 па 15 лістапада было зарэгістравана 1 840 085 выпадкаў заражэння і 29 043 памерлых.

У Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы за тыдзень колькасць інфікаваных вырасла больш чым на 1,45 мільёна, памерлі больш за 19 тысяч чалавек. У рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі заразіліся больш за 373 тысяч чалавек, а колькасць смяротных зыходаў за сем дзён перавысіла 4,5 тысячы.

У ЗША колькасць заражаных павялічылася больш як на 1 мільён, у Індыі — больш як на 306 тысяч, у Італіі — на 242 тысяч, у Францыі — на 203 тысячы, у Бразіліі — на 179 тысяч. Далей ідуць Велікабрытанія, дзе за сем дзён было зарэгістравана амаль 173 тысячы новых выпадкаў інфікавання, Польшча (больш як 169 тысяч), Расія (больш як 151 тысяча), Германія (амаль 132 тысячы) і Іспанія (больш як 87 тысяч).

• Текст доступен на языке: Русский