Аляксей Кудзін на плошчы 10 жніўня. Адзінаборца ў джынсавым шортах, зялёнай майцы і чорнай кепцы. Фота Настассі УТКІНАЙ.

10 жніўня ў Маладзечне адбылася пратэсная акцыя супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, што прайшлі днём раней. На Цэнтральнай плошчы знаходзіўся сусветны чэмпіён і адзінаборца Аляксей Кудзін, якога пасля затрымалі.

Чытайце яшчэ: Вайскоўцы з сабакамі, АМАП. Як прайшоў чарговы вечар на плошчы ў Маладзечне

Публічна пра затрыманне Кудзіна падчас акцыі 12 жніўня выказаўся беларускі баксёр Дзяніс Ганчаронак у сваёй сацыяльнай сетцы — цяпер гэты допіс недаступны. 13 жніўня «Трыбуна» даведалася ад знаёмага Кудзіна, які пажадаў даць каментарый ананімна, пра затрыманне маладзечанскага адзінаборца. Згодна з яго гісторыяй, падчас разгону Аляксей быў на плошчы, але яго не затрымалі – толькі пырснулі газам у твары і пабілі дубінкамі.

Жонка Кудзіна Таццяна ў інтэрв’ю kraj.by пацвердзіла, што падчас разгону акцыі яе муж атрымаў некалькі ўдараў — ударылі па галаве, парэзалі руку, а ў твар распылілі газ.

На фота Аляксей у светлай майцы і чорнай кепцы злева ў левым куце. Фота зрабілі падчас разгону акцыі 10 жніўня. Фота Настассі УТКІНАЙ.
Аляксей Кудзін пачас разгона акцыі 10 жніўня ў Маладзечне. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Сам Кудзін спачатку не дзяліўся гісторыяй свайго затрымання. Ён паведамляў, што супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС затрымалі яго каля 11 гадзін вечара. Пасля Аляксей расказваў, што сілавікі затрымалі яго каля бальніцы, а спачатку група захопу чакала яго дома.

12 жніўня Кудзіна перавезлі з маладзечанскага ІЧУ ў следчы ізалятар у жодзінскай турме.

16 жніўня рэсурс mlyn.by расказаў дэталі пра сутычку Кудзіна і супрацоўнікаў.

«Аказаў адпор вайскоўцу, які спрабаваў яго ўціхамірыць. Ад прыцэльнага ўдару ў галаву чалавек у форме страціў прытомнасць, пацярпелага шпіталізавала «хуткая» дапамога. Вайскоўцу прыйшоў на дапамогу міліцыянер, які таксама знаходзіўся на плошчы. Баец нанёс яму ўдар у сківіцу, выбіўшы зуб».

Падчас разгону 10 жніўня на плошчы карэспандэнты «Рэгіянальнай газеты» бычылі, як адзін з вайскоўцаў ляжаў на зямлі, а пасля за ім прыехала «хуткая».

Вайсковец ляжыць на зямлі пасля спробы разагнаць людзей. Фота Настассі УТКІНАЙ.
«Хуткая», якая забрала вайскоўца. Фота Настассі УТКІНАЙ.

21 жніўня Кудзіну змянілі меру ўтрымання: яго вызвалілі з ізалятару, перавялі пад хатні арышт. У гэты ж дзень на Youtube-канале МУС з’явілася відэа. У ім Аляксей Кудзін звяртаецца да жыхароў Маладзечна і Беларусі, і да адзінаборцаў.

— Не жадаючы таго, я прычыніў цялесныя пашкоджанні супрацоўнікам органаў унутраных спраў.

24 жніўня спартыўнае агенцтва Аляксея Кудзіна Gagarin Sports Management апублікавала заяву спартсмена наконт яго затрымання. Кудзін падзяліўся, што ўсё ў Беларусі хутка закончыцца, а ён аднаўляецца ад траўм, чакае новых баёў на арэне, а таксама падзякаваў за падтрымку.

8 кастрычніка суд Маладзечанскага раёна прызнаў Аляксея Кудзіна вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КаАП – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Адзінаборца атрымаў штраф у памеры 25 базавых велічынь.

16 кастрычніка Кудзін даў інтэрв’ю «Матч ТВ». Беларускі адзінаборца казаў, што хоча правесці бой з расіянінам Дзмітрыем Кудрашовым. Аляксей расказаў, што каля двух тыдняў правёў у следчым ізалятары ў Жодзіне, там жа паспяваў трэніравацца.

Тады ж стала вядома і пра акалічнасці крымінальнай справы. Кудзіна абвінавачвалі на артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак».

Больш за месяц ніякай інфармацыі пра Аляксея Кудзіна не было. 13 лістапада Кудзін выказаўся пра байца Гаджы Аўтамата — быў зацікаўлены правесці з ім паядынак.

19 лістапада ў судзе Маладзечанскага раёна назначылі пасяджэнне па крымінальнай справе Кудзіна. Аднак у судзе ён не з’явіўся. Таму суддзя Вольга Дубовік вынесла пастанову аб аб’яўленні адзінаборца ў вышук.

Чытайце яшчэ: Адзінаборац Аляксей Кудзін не з’явіўся ў Маладзечанскі суд. Яго аб’явілі ў вышук

• Текст доступен на языке: Русский