Аляксей Кудзін пачас разгона акцыі 10 жніўня ў Маладзечне. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Сёння ў маладзечанскім судзе павінна адбыцца першае пасяджэнне па справе адзінаборца Аляксея Кудзіна.

Кудзіна затрымалі ў жніўні, ён правёў паўтары тыдні ў следчым ізалятары ў Жодзіне. Пасля яго перавялі пад хатні арышт 21 жніўня.

Хто такі Кудзін?

Аляксей Кудзін нарадзіўся ў Маладзечне. Цяпер яму 35 год. Ён займаецца адзінаборствамі. Выступае ў тайскім боксе, кікбоксінгу і змешаных баявых адзінаборствах у суперцяжкай вазе.

Кудзін з’яўляецца Заслужаным майстрам спорту Беларусі, чэмпіёнам свету па тайскім боксе сярод аматараў (2006, 2007, 2008, 2011, 2014 гады), чэмпіёнам свету па кікбоксінгу сярод аматараў (2007, 2009 гады), чэмпіён свету па кікбоксінгу сярод прафесіяналаў (2007 год).

На фота Аляксей у светлай майцы і чорнай кепцы злева ў левым куце. Фота зрабілі падчас разгону акцыі 10 жніўня. Фота Настассі УТКІНАЙ.

У чым абвінавачваюць Кудзіна?

Аляксея Кудзіна абвінавачваюць па частцы 2 артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса — «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак». Максімальная санкцыя — да пяці год пазбаўлення волі.

10 жніўня Аляксей Кудзін знаходзіўся на Цэнтральнай плошчы ў Маладзечне. Там праходзіла пратэсная акцыя. Сам Кудзін расказваў у інтэрв’ю, што ўдзел у акцыі не прымаў.

Вядома, што па справе Кудзіна два пацярпелых.

На пасяджэнне Кудзін не з’явіўся. Дзяржаўны абвінаваўца Алена Балоціна сказала, што без абвінавачваемага разбіральніцтва працягваць немагчыма. Суддзя Вольга Дубовік пастанавіла прымусова даставіць яго да 14:30.

Жонка кажа, што Кудзін паехаў у суд

Пасля двух гадзін пасяджэнне працягнулся. Суддзя Дубовік атрымала рапарт ад супрацоўніка Маладзечанскага РАУС. У ім міліцыянер напісаў, што прыехаў дадому да Аляксея Кудзіна, але яго там не было. Жонка Кудзіна сказала, што раніцай муж паведаміў, што з’язджае ў суд. Больш яна яго не бачыла, на тэлефон не адказвае.

Кудзіна аб’явілі ў вышук

Суддзя Дубовік змяніла меру стрымання з хатняга арышту на заключэнне пад варту.

Аляксея Кудзіна афіцыйна аб’явілі ў вышук.

Суддзя адзначыла, што Кудзіна (калі яго знойдуць) будуць утрымліваць у СІЗА ў Жодзіне. Пакуль крымінальная справа прыпыненая.

• Текст доступен на языке: Русский