Чытачы з розных раёнаў паведамляюць нам пра тое, што апошнім часам знікае вада ў калодзежах. Такія паведамленні былі з Вілейскага, Валожынскага, Смаргонскага раёнаў. Чаму так адбываецца і чаго чакаць далей?
З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да начальніка аддзела маніторынгу і дзяржаўнага воднага кадастра Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Уладзіміра Карнеева.
Па словах спецыяліста, прычына знікнення вады ў калодзежах – у змене клімату, ад чаго зніжаецца сцёк рэк.
Ужо ад 1962 года і да сёння ўзровень рэк панізіўся на 10-15 працэнтаў. А паколькі паверхневыя воды звязаныя з грунтавымі, паніжаецца ўзровень вады ў калодзежах.
– І якія прагнозы?
– Сумна, што і прагнозы нічога добрага не даюць. Да 2035 года будзе назірацца далейшае зніжэнне сцёку. Канешне, працэс будзе ісці нераўнамерна.
Магчыма, зімой сцёк будзе большы з-за снегу і дажджоў. Але вясной паводкі сталі куды меншымі, а летам і ўвогуле мала вады. Атрымліваецца, вясной рэкі і пойменныя тэрыторыі не атрымліваюць дастатковай колькасці вады. І нават дажджлівае лета не папаўняе яе запасы.
Найбольш спрыяльнай і стабільнай для грунтавых вод пакуль застаецца восень, і асабліва другая яе палова, заўважыў Уладзімір Мікалаевіч.
• Текст доступен на языке: Русский