Павел Пяскоў у судзе.

20 лістапада ў Мінскім абласным судзе разглядалі апеляцыю па крымінальнай справе Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева. Маладзечанцаў асудзілі за супраціўленне амапаўцам падчас ланцуга салідарнасці 19 чэрвеня. Пяскову далі 3,3 гады, Еўсцігнееву – 3 гады.

Чытайце яшчэ: У Маладзечне агучылі прыгавор па справе гвалту над амапаўцамі. Еўсцягнееву – 3 гады, Пяскову – 3,3 (Фота, відэа)

Апеляцыю разглядала судовая калегія — Дабрадзей, Міснік і Гурыновіч. Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева не прывезлі з жодзінскай турмы, дзе яны цяпер знаходзяцца, у Мінскі абласны суд. Пяскоў змог прысутнічаць на судзе праз відэасувязь. Еўсцігнеева родныя, якія прыехалі на суд, так яго і не пабачылі.

З прысудам нязгодны дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Габруковіч. Згодна з яго пратэстам, не ўлічылі ў прысудзе Маладзечанскага суда парваную калашыну амапаўца Якавенка. Гэта, па словах Габруковіча, адбылося з-за дзеянняў Пяскова. У Мінскім абласным судзе прысутнічаў іншы абвінаваўца.

З прысудам таксама нязгодныя адвакаты Ігар Касцюк і Уладзіслаў Філіповіч.

Адвакат Уладзіслава Еўсцігнеева Філіповіч расказаў, што не аспрэчвае вінаватасць Еўсцігнеева, але нязгодны з тым, што ён будзе адбываць пакаранне ў выпраўленчай калоніі. Філіповіч лічыць, што яго кліента пакаралі занадта строга, а хлопец выдатна характарызуецца з месцаў вучобы і працы, і ён даглядае маці з інваліднасцю.

— Ён дастойны член грамадства. Я не прашу яго прабачыць, але ён павінны атрымаць іншае пакаранне, — сказаў Філіповіч.

Адвакат кажа, што амапавец Баранаў ад дзеянняў Еўсцігнеева атрымаў лёгкія пашкоджанні, не страціў працаздольнасці і ў яго не было прэтэнзій да маладзечанца. Філіповіч прасіў змяніць від пакарання.

Абаронца Паўла Пяскова Касцюк прасіў адмяніць прысуд для свайго кліента, таму што падчас сітуацыі яго дзеянні былі неабходныя. Адвакат прывёў статыстыку з мінулага лістапада па прысудах па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса (па гэтаму артыкулу і асудзілі маладзечанцаў). Згодна са статыстыкай, ад мінулага лістапада суды разглядзелі 13 спраў па артыкуле: толькі трое чалавек адправілі ў калонію, астатнія атрымалі іншы від пакарання.

— Не накіроўвалі ў выпраўленчую ўстанову чалавека, які абліў кіпнем міліцыянера, а пасля распыліў яму ў твар пярцовы балончык, — расказаў Касцюк.

Касцюк спаслаўся на тое, што пры разглядзе справы ў маладзечанскім судзе сведчанні амапаўцаў не сышліся са сведчаннямі сведак, якія не мелі адносін да сілавых структур. Па меркаванню Касцюка, паказанні амапаўцаў па гэтай справе характарызуе момант затрымання і транспарціроўкі Міколы Алейніка: яны супярэчаць паказанням нават міліцыянераў Маладзечанскага РАУС.

Пра пратэст пракурора Габруковіча Касцюк выказаўся таксама:

— У гэтай частцы экспертыза не праводзілася. Ніхто не ведае, як канкрэтна і па якім вуглом падаў Якавенка. Лічу, што гэта нічым не падмацаванае асабістае меркаванне дзяржаўнага абвінаваўцы.

Касцюк адзначыў, што 19 чэрвеня Пяскоў проста зрэагаваў на барацьбу амапаўца Якавенкі і мужчына па прозвішчу Непагода (ён знаходзіцца ў вышуку).

Падчас папярэдняга следства Пяскоў расказваў, што бачыў, як сілавік прыціскае каленам каля шыі мужчыну. Тады Пяскоў палічыў, што мужчына, які аказаўся Уладзімірам Непагодай, мог атрымаць траўму, таму адцягнуў амапаўца.

Адвакат Касцюк хадайнічаў аб праглядзе відэа сутычкі 19 чэрвеня. Адвакат Філіповіч падтрымаў калегу, пракурор таксама пагадзіўся.

— Лічу, што трэба праглядзець відэа, каб пабачыць, як ілжэ дзяржаўны абвінаваўца Габруковіч, — падзяліўся Пяскоў меркаваннем наконт прагляду відэа.

* * *

Судовая калегія Мінскага абласнога суда вырашала пакінуць прысуд суда Маладзечанскага раёна па крымінальнай справе ў дачыненні Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева без змяненняў. Апеляцыйныя скаргі адвакатаў і пратэст пракурора не ўхвалілі.