На фота Аляксей у светлай майцы і чорнай кепцы злева ў левым куце. Фота зрабілі падчас разгону акцыі 10 жніўня. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Жонка адзінаборца Аляксея Кудзіна Таццяна расказала «Трыбуне» пра падрабязнасці затрымання мужа 10 жніўня і як ён праводзіў час пад хатнім арыштам.

Нагадаем, маладзечанца Аляксея Кудзіна абвінавачваюць у супраціўленні супрацоўнікам органаў унутраных спраў падчас пратэснай акцыі 10 жніўня. 19 лістапада Кудзін не з’явіўся на суд, яго аб’явілі ў вышук.

Чытайце яшчэ: Адзінаборац Аляксей Кудзін не з’явіўся ў Маладзечанскі суд. Яго аб’явілі ў вышук

Аляксей Кудзін на плошчы 10 жніўня. Адзінаборца ў джынсавым шортах, зялёнай майцы і чорнай кепцы. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Як праводзіў час пад хатнім арыштам

— Лёша аптымістычны быў заўсёды. Настрой быў добры. Жыў як заўсёды, трэніраваўся. Адзінае, не мог выязджаць з горада, з-за гэтага былі пэўныя складанасці. Фізуху качаць і кросы бегаць можна было, але спарынг-партнёр яго жыве ў Вілейцы — даводзілася праводзіць хатнія трэніроўкі. Нам шмат людзей дапамагала. Прапаноўвалі дапамогу [ў лячэнні] хлопцы з BY_Help, але ў Маладзечне мужа лячылі толькі кропельніцай.

Мы да апошняга чакалі, што ўсё будзе нармальна. А арышт пастаянна працягвалі, напэўна, каб дацягнуць да таго часу, калі з судамі зусім чарнуха пачалася. Прававога поля проста няма. Мужа спачатку судзілі па адміністрацыйным артыкуле — адвакат яшчэ здзіўлялася, як можна па адной справе два разы судзіць.

Лёша ні ў чым не вінаваты. Тыя, хто яго ведаюць, разумеюць, што ён ніколі нікога не ўдарыць. І сам ён быў пабіты — мне распавядалі пра гэта, таму што яго не выпускалі, пакуль не загаілася. Чалавек проста адбіваецца, а яго садзяць — ні за што.

Праверкі міліцыянераў

— Раз у два дні праходзілі і правяралі. Прыязджала машына, часам нават з выключанымі фарамі — мы толькі чулі, што сабака пачынала брахаць, тады разумелі, што нехта прыйшоў. Мы паставілі плот, але яшчэ не зрабілі відэазванок, і людзі хадзілі вакол да каля. А ўлетку, калі яшчэ не было плоту, яны проста заходзілі на тэрыторыю. Мы сядзелі на тэрасе, а яны акуратна падыходзілі з ліхтарыкам: «Аляксей, вы тут?». Толькі апошнія два тыдні не было нікога, але за дзень да суда праверылі.

Некаторыя казалі: «Леха, загайдаўся да цябе ўжо ездзіць, хай бы цябе выпусцілі». Некаторыя казалі: «Трымайся. Мы за цябе».

Аляксей Кудзін пачас разгона акцыі 10 жніўня ў Маладзечне. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Што адбывалася ў жніўня

— Як вы ў цэлым адрэагавалі на яго жнівеньскую гісторыю?

— Наогул мы 9 жніўня вялікай кампаніяй хадзілі па горадзе. Прагаласавалі і пайшлі з дзецьмі і суседзямі ў піцэрыю і парк — салодкая вата, марозіва, каруселі. І ў адзін момант мы ўбачылі, як на плошчу выйшла лінія людзей у чорных балаклавах. Яны стаялі і казалі, што ўсе мы павінны сыходзіць — мы і пайшлі, як сцямнела. Тады мы, дарэчы, бачылі чалавека са сцягам — потым, калі з’явілася фота, зразумелі, што гэта быў Мікіта Крыўцоў.

На наступны дзень Лёша стэлефанаваўся з сябрамі і вырашыў прагуляцца ў цэнтр, паглядзець, што там адбываецца. Звычайныя людзі яго пазнавалі, падбягалі, ціснулі руку: «О, Лешка, ты тут!» — і потым ішлі сваім распавядаць: «Кудзін тут!»

А потым пайшоў газ… Ёсць відэа (мне не паказвалі — бачыла толькі адвакат), як муж стаяў проста перад шчытамі, паказваў сілавікам чыстыя рукі і пытаўся: «Што, біць будзеце?». Лёша ніколі не будзе першым біць! Ніколі! І на камерах гэта відаць, як адвакат казала.

Калі ўсё пачалося, ён пачаў прыкрывацца рукамі, адбівацца. А пасля гэтага газу ён палову не памятае наогул. Напэўна, нейкі нервова-паралітычны газ. Увогуле, ён атрымаў па галаве і пайшоў дадому. Мне не патэлефанаваў, хоць я была недалёка, у мамы — гэта быў яе дзень нараджэння. Але ён ніколі мне адразу пра траўмы не гаворыць. Можа траўміравацца на трэніроўцы, сабрацца і паехаць у бальніцу зашыць губу ці яшчэ штосьці, а потым прыехаць ужо са швом.

Дома ён сеў у машыну і паехаў у бальніцу: падванітоўвала, кружылася галава (гуз ад удару дубінкай на галаве да гэтага часу). Але недалёка ад бальніцы яго падрэзаў бусік, а на асфальт кінулі гранату. Ён паспеў заблакаваць машыну, сілавікі яе пачалі біць — потым на корпусе машыны бачыла сляды ад дубінак. У выніку ён сказаў: «Рабяты, выходжу. Усё нармальна». Казаў, што хтосьці яго пазнаў — кагосьці ён трэніраваў, з кімсьці трэніраваўся, калі выступаў у тайскім боксе. Ну і стрэлілі ў яго, у грудзіну. Распавядаў, што там налілася такая «булка», кавалкі мяса былі.

Мы з мамай шампанскае пілі, і тут Лёша патэлефанаваў: «Забяры машыну. Мяне спакавалі». Не паверыла, нават пасмяялася, спытала: «Ты што, жартуеш?». Стала тэлефанаваць сябрам, але ніхто нічога не ведаў — яны ж разышліся. Еду забіраць, падыходжу да аўто — а адтуль вылазіць чалавек у чорным. Ну і паехала я ў РУУС.

— Там вам усё сказалі адразу ці марочылі галаву?

— Выйшаў супрацоўнік, чытаў прозвішчы. Сказаў: «Кудзін — уголовка. Высек або збіў супрацоўніка». Думаю: «Блін, калі Лёша кагосьці стукнуў, то гэта ўсё…». Потым каля 11 гадзін вечара ўбачыла, як яго выводзілі з РАУС. Майка была ўся скрываўленая. Яму ў аддзяленні стала дрэнна. Чытала ў розных чатах паведамленні людзей, якія таксама ў той час былі ў РУУС, што міліцыянеры доўга не рэагавалі на яго просьбы. А ў яго было страсенне, ён губляў кроў з-за [траўмы] пальца — Лёша казаў, што там костка тырчала. У выніку выклікалі хуткую, але не хацелі яго аддаваць. І толькі калі доктар сказаў: «Калі вы хочаце тут атрымаць жмура, то я паехаў назад»… Толькі тады яго аддалі дактарам і адвезлі ў бальніцу. Там зрабілі КТ, зашылі палец. Я стаяла на вуліцы і чакала, калі яго павязуць назад. І калі яго вялі, міліцыянеры казалі яму не рэагаваць на мяне, а мяне прасілі не правакаваць.

Потым я даведалася, што яго этапавалі ў Жодзіна. У чацвер [13 жніўня] ў яго была ўжо адвакат. Яна спачатку сказала, што дамовілася аб вызваленні пад заклад, але мужа не адпускалі тыдзень. У пятніцу сказалі: «Збірайце заклад. Могуць выпусціць». Сабрала грошы, але да мяне прыехала следчы: «Таццяна, заўтра субота. Нікога не выпускаюць». Потым сказалі, што ў панядзелак выпусцяць, потым апынулася, што яго ў аўторак перавезлі ў Маладзечне — і круцілі да наступнай пятніцы, каб ён зажыў. Выйшаў цэлы. Толькі што рука забінтаваная і на грудзях рубцы.