Тыя самыя кулі 1863 года.

Цікавасць да падзей 1863 года ў вёсцы Уладыкі ў нас узнікла ў 2015 годзе, калі мы пачалі праводзіць першыя археалагічныя раскопкі ў Ільі. Тады даведаліся, што пад Уладыкамі 16 (28) мая 1863 года адбылася моцная сутычка паміж атрадам паўстанцаў пад кіраўніцтвам шляхціча Вінцэнта Козела-Паклеўскага і царскімі жаўнерамі.

Археалагічнае вучэнне месцаў баявых дзеянняў – гэта галіна даследаванняў, якая імкліва развіваецца ў сусветнай археалогіі. Адным з напрамкаў такіх даследаванняў з’яўляецца абследаванне тэрыторыі мяркуемага месца бітвы, а таксама размяшчэння абозаў ваюючых бакоў металадэтэктарамі. Галоўнае – дакладна фіксаваць месцазнаходжанне кожнай знаходкі. Даследаванні дапамагаюць лакалізаваць месца бітвы, часта дапаўняюць інфармацыю пісьмовых крыніц, даюць магчымасць зразумець асаблівасці канфлікту. Палявой працы папярэднічае вывучэнне пісьмовых апісанняў бітваў, старых і сучасных карт мясцовасці.

Археолагі працуюцт на меркаваным месцы бою паўстанцаў з царскімі жаўнерамі.

Бітва пад Уладыкамі не з’яўлялася вырашальнай у паўстанні 1863 года ў Беларусі, хоць і была досыць буйная. Яна завяршылася паразай паўстанцаў.

Абеліск у гонар паўстанцаў паставілі ў Ільі

Месца масавага пахавання атрада ў часы Расійскай імперыі ніяк не пазначалася. Увага пачалася з часоў Другой Рэчы Паспалітай – заключэння Рыжскага мірнага дагавора. Планавалася ўсталяваць тут абеліск. Але па выніку абеліск усталявалі ў суседняй Ільі, прыкладна ў чатырох кіламетрах на захад. На яго адкрыццё прыязджаў прэзідэнт Польшчы Ігнаці Масціцкі.

Помнік-капліца ў гонар палеглых паўстанцаў, якая стаяла ў цэнтры Ільі да 1950-х. Фота archives.gov.by.

Абеліск разбурылі ў савецкі час. Сёння ў памяць пра падзеі паўстання ва Уладыках усталявалі мемарыял, які рэгулярна наведваюць мясцовыя аматары гісторыі. Ёсць на месцы і інфармацыйны стэнд.

Планавалі зрабіць засаду, але праспалі ранні пад’ём

Вёска Уладыкі размяшчаецца на левым беразе невялікай забалочанай ракі Іліі. Мясцовасць не моцна змянілася з часоў паўстання, нягледзячы на меліярацыю. У 19 стагоддзі гэта тэрыторыя была не толькі забалочаная, але і пакрытая шырокімі лясамі. З поўдня Ілія ўпіралася ў Стайкі-Абадоўскую пушчу (Старынкаўскі лес), якая рассякалася напалову дарогай са Старынак на Стайкі. Прастора вакол вёскі амаль не ўзворваецца. Бліжэй да ракі зямля моцна забалочаная. Гэта дазваляе праводзіць тут даследаванні ў сухую пару альбо ранняй вясной, альбо позняй восенню.

Першы раз група са студэнтаў і выпускнікоў гістфака БДУ прыязджала сюды летась. Мы агледзелі тэрыторыю на поўдзень, усход і захад ад вёскі, але да самой ракі не дайшлі. Толькі ўпэўніліся, што працы трэба праводзіць на яе беразе, на высокім месцы.

Менавіта праз Стайкі-Абадоўскую пушчу і праходзіў атрад паўстанцаў, які 12 мая пабываў у Зацем’і – фальварку, дзе цяпер вёска Зацемень. Планавалася, што тут яны адпачнуць і рушаць далей з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Аднак паўстанцаў праследавала ўрадавае войска. Таму яны сталі лагерам каля Мацькаўцаў, дзе планавалі зрабіць засаду на атрад казакоў.

Па паведамленні ўдзельніка паўстання Кавалеўскага, атрад праспаў ранні пад’ём. І паўстанцам нічога не заставалася, як рухацца на поўдзень да Іліі.

Час быў дажджлівы, і рака разлілася, таму атрад пачаў будаваць плыты і перапраўляцца на супрацьлеглы бераг на іх. Мяркуючы па захаваным апісанні, гэта адбывалася на паўночны захад ад вёскі Уладыкі.

Хто здаў паўстанцаў

Памылкай паўстанцаў была пераправа на вачах у сялян, якія і данеслі расійскаму войску аб іх месцазнаходжанні. Па адных звестках, яны паведамілі ў Ілью, дзе знаходзіўся гарнізон. Па іншых, селянін паказаў жаўнерам брод вышэй па плыні Іліі «ў страшным балоце».

Расійскія войскі напалі на паўстанцаў з усходу і поўдня. Атрад прыціснулі да ракі. Па звестках пісьмовых крыніц, тут адбыўся маштабны бой. Больш за сто паўстанцаў (з больш чым двухсот) загінула або трапіла ў палон. Сярод расійскіх войскаў таксама былі страты. Рускіх пахавалі на вясковых могілках, а паўстанцаў у брацкай магіле без апазнавальных знакаў. Знайшлі кулі, сякеру, нажы 7 лістапада наша каманда ад раніцы выехала з Мінска, каб абследаваць мяркуемае месца бітвы. У склад экспедыцыі ўваходзілі супрацоўнікі і студэнты гістарычнага факультэта БДУ, а таксама выпускнікі і валанцёры. На месцы да нас таксама далучыліся зацікаўленыя ўдзельнікі з Вілейкі, у тым ліку прадстаўнікі Вілейскага краязнаўчага музея.

На месцы адны ўдзельнікі пры дапамозе металадэтэктараў пачалі абследаваць тэрыторыю ў напрамку на паўночны захад, іншыя фіксавалі знаходкі. Кожную рэч запісвалі ў калекцыйны вопіс, ёй надавалі нумар, заводзілі ўліковую картку. Месца знаходкі пазначалася на мясцовасці, а затым замяралася пры дапамозе тахеометра, каб можна было дакладна нанесці ўсе знаходкі на карту.

Першыя знаходкі адлюстроўвалі звычайнае вясковае жыццё і не мелі дачынення да бітвы. Аднак, калі наша група дайшла да мяркуемага месца пераправы, нам пашанцавала.

На невялікай пляцоўцы памерам каля 50 х 50 метраў мы знайшлі кулі, якія выкарыстоўваліся ў 1863 годзе, сякеру, некалькі нажоў і іншых прадметаў. Колькасць знаходак нязначная для такой маштабнай бітвы.

Гэтаму, на нашу думку, можа быць некалькі тлумачэнняў. Паводле першага, ці лакалізацыя месца бітвы, ці яе ход апісаныя ў крыніцах няправільна. Маштабы сутычкі маглі былі быць і адмыслова завышаныя, прычым з абодвух бакоў. А магчыма, мы сваімі даследаваннямі зачапілі толькі маленькую частку месца бітвы, а яе асноўны ход разгортваўся крыху ў іншым месцы. Але высокая трава і кароткі дзень не дазволілі агледзець усе магчымыя варыянты. Спадзяюся, што ў нас атрымаецца вярнуцца ва Уладыкі вясной і знайсці адказы на ўсе пытанні. А пакуль нас чакае кабінетная праца – вывучэнне знаходак і далейшы грунтоўны аналіз пісьмовых крыніц.

Хочацца ад свайго імя падзякаваць усім удзельнікам нашай экспедыцыі за дапамогу ў правядзенні даследаванняў.

Пра бой пад Уладыкамі і Кастуся Каліноўскага мы пісалі раней. Чытайце:

Вада ў рацэ была чырвонай ад крыві. Сёння – гадавіна бою паўстанцаў Каліноўскага пад Уладыкамі

Княгінін, Уладыкі, Плябань. Дзе ў рэгіёне можна ўшанаваць памяць паўстанцаў Каліноўскага

Такая падзея выпадае раз на жыццё. Жыхары рэгіёна расказалі, як удзельнічалі ў пахаванні паўстанцаў у Вільні

Як расійскія салдаты пахавалі Кастуся Каліноўскага: рукі звязаныя за спінай, цела засыпанае вапнай

• Текст доступен на языке: Русский