Сёння, 23 лістапада, прайшоў ператрус у маладзечанца, якога затрымалі 9 жніўня ў некалькіх сотнях метраў ад Цэнтральнай плошчы.
Ператрус
23 лістапада ў маладзечанца Генадзя Альшэўскага адбыўся ператрус. Яго праводзілі двое следчых Маладзечанскага раённага аддзела Следчага камітэта. Пастанову аб ператрусе падпісаў пракурор Уладзімір Дубоўскі.
— У пастанове была пазначаная дата 12 жніўня. То бок, пастанову на ператрус у мяне падпісалі яшчэ некалькі месяцаў таму, — падзяліўся Генадзь.
Падчас ператрусу ў Альшэўскага нічога не забралі. Па яго словах, гэта другі раз, калі ён камунікаваў са следчымі пасля затрымання 9 жніўня. У верасні Генадзь хадзіў у маладзечанскі СК за мабільным тэлефонам, які ў яго забралі падчас жнівеньскага затрымання. Тады следчы дапытаў мужчыну наконт падзей 9 жніўня.
Верагодна, ператрус у Альшэўскага датычыцца двух крымінальных спраў:
- Артыкул 342: Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
- Артыкул 364: Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Затрыманне і суткі ў Мар’інай Горцы
Увечары 9 жніўня Генадзь Альшэўскі адпачываў з сябрамі ў рэстаране «Еўропа». Яго затрымалі каля рэстарана, прывезлі на плошчу, а там перасадзілі ў іншы транспарт.
Альшэўскі спрабаваў даведацца, чаму яго затрымалі. Як паведаміў Генадзь нашаму карэспандэнту, яго двойчы ўдарылі пасля спробы даведацца прычыну затрымання.
Затым яго прывезлі ў Маладзечанскага РАУС. Мужчына знаходзіўся ва ўнутраным дворыку аддзялення міліцыі.
— Праляжыў там дзесьці 8 гадзін тварам у зямлю, — расказаў Генадзь.
У панядзелак, 10 жніўня, Генадзя перавезлі ў ізалятар у Мар’іну Горку. 12 жніўня там жа яго асудзілі па двум артыкулам — 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемства) і 23.4 (непадпарадкаванне). Суд пастанавіў пакараць Альшэўскага 14 суткамі арышту. Аднак ужо 13 жніўня яго адпусцілі.
• Текст доступен на языке: Русский