Сілавікі 10 жніўня ў Маладзечне. Фота Настассі УТКІНАЙ.

Аляксей Кудзін знік перад першым судовым пасяджэннем па крымінальнай справе за супраціўленне супрацоўнікам органаў унутраных спраў падчас пратэснай акцыі 10 жніўня. Вядома, што пацярпелі два супрацоўнікі. Вось, што яны казалі падчас суда, калі шукалі Кудзіна.

Чытайце яшчэ: Адзінаборац Аляксей Кудзін не з’явіўся ў Маладзечанскі суд. Яго аб’явілі ў вышук

Чытайце яшчэ: Ад затрымання да вышуку. Аднаўляем храналогію гісторыі Кудзіна

19 лістапада на лаўцы ў зале судовага пасяджэння два пацярпелыя сілавікі з прозвішчамі Яндова і Зорын.

Суддзя Вольга Дубовік пасля аб’яўлення Аляксея Кудзіна ў вышук запыталася ў пацярпелых наконт разгляду крымінальнай справы без абвінавачанага.

— Я прэтэнзій не маю, высокі суд. На крымінальнай справе не настойваю. На колькі перанос будзе? Ці можна без абвінавачанага справу разглядаць? Увогуле нельга, — сказаў пацярпелы Яндова.

Другі пацярпелы таксама не захацеў разглядаць справу без Кудзіна.

— Зыходзячы з практыкі, нельга разглядаць без яго справу, — сказаў Зорын.

Пасля знікнення Кудзіна яго жонка Таццяна расказала пра вызваленне мужа і кантакты з пацярпелымі. Па яе словах, адвакат параіла звязацца з пацярпелымі, вырашыць канфлікт, каб пазбегнуць крымінальнай справы.  Грошы ўзялі з тых, што сабралі на заклад, калі Кудзін быў яшчэ ў СІЗА ў Жодзіне — гэта 13500 рублёў.

— Нам параілі так зрабіць — адвакат казала, што ёсць магчымасць справу да суда не даводзіць, калі шукаць пацярпелых і кампенсаваць ім усё пад распіску. Я знайшла, аддала ім грошы. У нас ёсць распіскі. Але потым супрацоўнікі атрымалі па шапцы за тое, што ўзялі грошы.