На месцы здарэння. Фота забяспечанае Валянцінай Сопат.

19 лістапада каля 8.30 у ГРАНС Маладзечна паступіла паведамленне аб загаранні электрашчытка ў будынку, размешчаным на вуліцы Рабочай у Маладзечне.

Па прыбыцці пажарных аварыйна-выратавальных падраздзяленняў ўстаноўлена, што загарэўся электрашчыток у калідоры на другім паверсе галоўнага корпуса будынка арганізацыі «АкнаГрад». Загаранне ліквідавалі самі работнікі пры дапамозе парашковага вогнетушыцеля да прыбыцця падраздзяленняў МНС.

У выніку пажару электрашчыток знішчаны, закураныя сцяна і столь побач з ім. За межамі шчытка аплавіліся правады, якія ідуць уверх, а таксама кораб, у які яны былі выкладзеныя. Прычына пажару высвятляецца.

Вялікі пажар не здарыўся таму, што работнікі арганізацыі ўмеюць карыстацца вогнетушыцелем, адзначаюць у ГРАНС Маладзечна.

Дзякуючы хуткаму і правільнаму яго прымяненню ніхто не пацярпеў, пажар не прывёў да вялікай шкоды.

Як правільна выкарыстоўваць парашковы вогнетушыцель, павінен ведаць кожны чалавек. Абавязкова вывучыце інструкцыю па прымяненні. Каб прывесці вогнетушыцель у дзеянне, трэба сарваць пломбу, дастаць чэку, накіраваць патрубок на ачаг узгарання і націснуць на рычаг. Таксама не варта забываць і пра тое, што вогнетушыцель неабходна перазараджваць ў адпаведнасці з рэкамендацыямі вытворцы.

МНС папярэджвае: прычынай многіх надзвычайных сітуацый з’яўляецца безадказнасць чалавека і невыкананне правілаў пажарнай бяспекі. Не грэбуйце жыццёва важнымі правіламі. Беражыце сябе і сваіх блізкіх. У выпадку пажару і іншых надзвычайных сітуацый неадкладна тэлефануйце па тэлефонах 101 ці 112, не забываючы ўказваць адрас і месца пажару.

• Текст доступен на языке: Русский