Фота Настассі УТКІНАЙ.

Артыкул хацелася б пачаць з лічбаў захварэлых і памерлых ад каронавіруса на Вілейшчыне. Аднак такія лічбы медыкі называць не ўпаўнаважаныя, адзначыла галоўны доктар Вілейскай ЦРБ Ірына Макарава. Няма дазволу Міністэрства аховы здароўя.

Па словах Ірыны Паўлаўны, бурны рост інфекцыі, які быў у пачатку лістапада на Вілейшчыне, цяпер запаволіўся.

– Магчыма, ад таго, што людзі пачалі насіць маскі. За апошнія два тыдні зрабілі для сябе нейкія высновы. І гэта займела станоўчы вынік, – мяркуе галоўны доктар.

Як заўважаюць вілейскія медыкі, другая хваля каронавіруса больш цяжкая, чым першая. Калі раней часцей хварэлі людзі 70-80 год, цяпер вірус не шкадуе пацыентаў працаздольнага ўзросту.

Маладзейшыя людзі хварэюць цяжэй, іх імунітэт рэагуе бурна, лячыць такіх пацыентаў медыкам нялёгка.

Па словах суразмоўцы, у Вілейскай ЦРБ на сёння працуюць два інфекцыйныя аддзяленні. Месцаў для хворых хапае. Нават ляжаць дзевяць пацыентаў з каронавірусам і пнеўманіямі з іншых гарадоў.

Калі чалавек хварэе ў лёгкай форме або з’яўляецца носьбітам COVID-19, ён лечыцца і назіраецца дома. За ім назірае спецыяльная кантактная група медыкаў. Калі ж ступень хваробы сярэдняя або цяжкая, пацыента шпіталізуюць.

– Здараюцца выпадкі, калі хворыя не звяртаюцца да медыкаў, займаюцца самалячэннем. У выніку даходзіць да таго, што “хуткая” з дому вязе хворага адразу ў рэанімацыю.

Таму яшчэ раз хочацца звярнуць увагу чытачоў на тое, каб не лячыліся самі, звярталіся да доктара. COVID-19 – вірус, які паводзіць сябе непрадказальна, – азначыла Ірына Паўлаўна.

• Текст доступен на языке: Русский