Сёння, 25 лістапада, у судзе Маладзечанскага раёна праходзіць судовае пасяджэнне па справе вілейчука Яўгена Траццяка. Яго затрымалі ў гарадскім парку ў нядзелю, калі ў горадзе праходзілі пратэсныя акцыі.

***

Акрамя Яўгена Траццяка «Рэгіянальнай газеце» вядома, што ў нядзелю былі затрыманыя Ганна Таўкень, Інна Квач і Яўген Цітоў. Суд над Яўгенам Цітовым адбыўся таксама 25 лістапада, яму прысудзілі 7 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

***

Справу разглядае суддзя Вольга Дубовік. Абаронцам выступае брат Яўгена Уладзіслаў Траццяк.

Яўгена абвінавачваюць у парушэнні двух артыкулаў КаАП – 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне).

Згодна з матэрыяламі справы Яўген Траццяк удзельнічаў несанкцыянаванай акцыі, а пасля не падпарадкаваўся супрацоўніку органаў унутраных спраў, спрабуючы збегчы.

Траццяк не прызнаў сябе вінаватым па абодвух артыкулах.

Траццяк — пра падзеі

Яўген расказаў, што ў нядзелю шпацыраваў па парку, таму што ў яго быў выхадны дзень. Ён планаваў зайсці да жонкі і дачкі ў бальніцу. У нейкі момант, калі ён быў каля вадаёма, пабачыў, што людзі пачалі бегчы.

— Пабег у сувязі з тым, што ў краіне нестабільная палітычная сітуацыя – катаванні, збіццё людзей. Бег, таму што моцна спужаўся. Ад мяне залежыць лёс яшчэ двух чалавек.

Калі ён бег каля кафэ «Лагуна», убачыў машыну. З яе выбег чалавек, стаў крычаць нецэнзурнымі словамі. Траццяк не памятае, як выглядаў той чалавек, таму што быў у той момант спужаны, спрабаваў сябе выратаваць, і пабег яшчэ раз.

Траццяк упаў, мужчына схапіў яго і павёў да шэрага легкавіка. У яго забралі мабільны тэлефон. Траццяк спрабаваў удакладніць, чаму яго затрымалі — сказалі, што не затрымліваюць. Траццяк запытаўся ў другі раз, чаму яго затрымалі. Яму сказалі, каб высветліць асобу, на што Яўген адказаў, што ў яго з сабой ёсць пашпарт.

Траццяка прывезлі ва ўнутраны двор Маладзечанскага РАУС: абшукалі, забралі і другі тэлефон. Пасля завялі ў будынак, паставілі тварам да сцяны. У кабінеце даў паказанні, зноў абшукалі. Шэсць гадзін правёў у так званым «стакане», пасля перамясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Сведка Белячэўскі

Сяргей Белячэўскі – супрацоўнік Маладзечанскага РАУС. 22 лістапада ён нёс службу па ахове грамадскага парадку. Спачатку ён знаходзіўся ў машыне за рулём каля Чырвонага касцёла. Пасля супрацоўнікі паехалі да плошчы. Каля ўваходу ў парку на скрыжаванні Гасцінца-Хмяльніцкага пабачылі людзей з паднятымі рукамі ўверх.

Супрацоўнікі вырашылі запісаць іх на відэакамеру, для гэтага трэба было развярнуцца. Калі развярнуліся, то людзі адышлі ў глыбіню парку. Па рацыі супрацоўнікі атрымалі загад на затрыманне людзей.

Міліцыянеры паехалі па вуліцы Багдана Хмяльніцкага. Супрацоўнікі выскачылі з аўто, пабеглі за людзьмі. Белячэўскі паехаў на аўто да кафэ «Лагуна». Мужчына, які пасля аказаўся Яўгенам Траццяком, выбег да машыны. Белячэўскі спыніўся, выйшаў і сказаў мужчыне спыніцца. Па словах міліцыянера, той праігнараваў патрабаванне і пабег. Белячэўскі пераследваў яго, затым Траццяк упаў — яго затрымалі, спецсродкі не выкарыстоўвалі. Белячэўскі адвёў Траццяка ў машыну, побач іншых супрацоўнікаў не было. Таксама ён не памятае Траццяка сярод людзей у ланцугу салідарнасці.

Абаронца запытаўся, хто аддаваў загад на затрыманне. Белячэўскі сказаў, што не ведае. Абаронца спрабаваў даведацца, на якой падставе Белячэўскі вырашыў затрымаць Траццяка. Міліцыянер паясніў, што той удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пасля Белячэўскі паясніў, што запомніў Траццяка па светлым красоўкам і штанам, спартыўнаму целаскладу. Да матэрыялаў справы дадалі схему затрымання па версіі Белячэўскага і Траццяка.

Абаронца Траццяка запытаўся, чаму сведка не сказаў, дзе жыве. Па словах абаронцы, гэта неабходная ўмова. Суддзя сказала, што ў супрацоўнікаў міліцыі не пытаюцца месца жыхарства ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў краіне.

Сведка Колесень

Яўген Колесень – супрацоўнік Маладзечанскага РАУС. 22 лістапада працаваў на службе па ахове грамадскага парадку. Па яго словах, каля Чырвонага касцёла праходзіла несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Пасля міліцыянеры паехалі да гарадскога парку, там пабачылі людзей з паднятымі рукамі.

— Па рацыі прайшла арыенціроўка на затрыманне аднаго з удзельнікаў акцыі: рост 175-180 сантыметраў, цёмная куртка, джынсы і белыя красоўкі. Ля «Лагуны» ўбачылі такога чалавека, — паясніў Колесень.

Міліцыянеры выйшлі з машыны, пачалі даганяць. Але Траццяка затрымаў Белячэўскі, які падрэзаў мужчыну на аўто. Падчас затрымання Колесень быў каля службовага аўтамабіля, бачыў момант затрымання і крычаў Траццяку, каб той спыніўся.

Яўген Траццяк запытаўся ў Колесня, чаму ў аўтамабілі забралі яго тэлефон. Колесень адказаў, каб не вялі ніякі запіс. Міліцыянер паясніў, што Траццяк быў затрыманы, а затрыманаму нельга весці аўдыё-/фота-/відэаздымку. Колесень таксама намаляваў схему затрымання Траццяка.

Сведка Гамбіцкі

Сяргей Гамбіцкі — супрацоўнік Маладзечанскага РАУС. 22 лістапада знаходзіўся на службе па ахове грамадскага парадку. Разам з Колеснем і Белячэўскім быў ля Чырвонага касцёла. Пасля 14:00 паступіла паведамленне, што людзі сабраліся на скрыжаванні вуліц Вялікі Гасцінец-Багдана Хмяльніцкага. Таму міліцыянеры паехалі ў бок парку. Гамбіцкі пабачыў там сем чалавек з паднятымі рукамі.

Пасля паступіла каманда на затрыманне. У гэты час людзі ўжо ішлі па парку, потым пабеглі. Гамбіцкі і яшчэ адзін міліцыянер выйшлі з машыны, пайшлі ў парк.

— Чалавек пабачыў міліцыянераў, пачаў бегчы. Гэты чалавек бег у бок «Лагуны».

Яўген Траццяк запытаўся, калі яму паведамілі, што ён затрыманы. Гамбіцкі сказаў, што не ведае, таму што яго затрымліваў іншы супрацоўнік. Таксама міліцыянер паведаміў, што не ўпэўнены, што бачыў Траццяка ў ланцугу салідарнасці.

— Але потым я пабачыў здымак на сайце «Крайбай», на ім пазнаў Траццяка.

Гамбіцкага папрасілі намаляваць схему па затрыманню Траццяка. Перад гэтым міліцыянер удакладніў, што ці можа гэтая схема нейкім чынам паўплываць на яго альбо на супрацоўнікаў.

***

Суддзя Вольга Дубовік прызнала Яўгена Траццяка вінаватым у парушэнні артыкулаў 23.34 і 23.4 КаАП. Дубовік адмяніла арышт на мабільныя тэлефоны Траццяка.

Пакаранне — адміністрацыйны арышт тэрмінам на 12 сутак.