У аўторак, 24 лістапада, блізкія развіталіся з архітэктарам, мастаком і краязнаўцам.
Анатоль Іванавіч быў сябрам і аўтарам «Рэгіянальнай газеты». Ён вёў праект «Школка дзядзькі Капцюга», дзе дзяліўся каштоўнымі ведамі па беларускай этнаграфіі.
Навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава кажа пра Анатоля Іванавіча:
– Гэта быў не проста чалавек, а Асоба. Цяжка казаць пра яго ў мінулым часе, таму што гэта вялікая страта. Анатоль Іванавіч быў прафесіяналам сваёй справы, які вельмі любіў Вілейку і Вілейшчыну. Ён ніколі не дзяліў людзей па пасадзе, веравызнанні. Рабіў праекты як для каталіцкіх збудаванняў, так і праваслаўных. Любіў усіх, і яго ўсе любілі. Галоўнае, што цаніў у людзях – прыстойнасць. Заўсёды шчыра казаў усё людзям у вочы. Я яму і пры жыцці казала, што ён сябе ўвекавечыў пры жыцці. Ідзеш па горадзе і бачыш вакол аб’екты, якія рабіў ён. Яны заўсёды будуць нагадваць пра Капцюга. Мы помнім Анатоля Іванавіча і смуткуем.
Архітэктар, мастак, краязнаўца
Анатоль Капцюг нарадзіўся ў 1952 годзе на Новы год, пайшоў з жыцця 23 лістапада 2020. Пахавалі ва Урэччы на Вілейшчыне на родавых могілках, дзе знайшлі спачын продкі.
Бацька Іван Рыгоравіч працаваў будаўніком, маці Вера Паўлаўна – закройшчыцай і швачкай. Адзіны сын у сям’і, дзяцінства прайшло ва Урэччы.
У 1977 годзе скончыў архітэктурны факультэт БПІ, у 1985 годзе павышаў кваліфікацыю ў Маскоўскім архітэктурным інстытуце.
Ад 1977 да 2002 года жыў у Гродне і працаваў на розных пасадах – ад архітэктара да кіраўніка групы архітэктараў абласнога праектнага інстытута «Гроднаграмадзянпраект», працаваў кіраўніком творчай майстэрні архітэктараў пры Саюзе архітэктараў СССР, кіраўнік праектаў рэстаўрацыі праектнага інстытута «Белспецпраектрэстаўрацыя», архітэктарам-мастаком мастацкай майстэрні Беларускага саюза мастакоў, мастаком-афарміцелем Вілейскага краязнаўчага музея. Быў сябрам Саюза архітэктараў ССР, Беларускага саюза архітэктараў.
Анатоль Капцюг распрацаваў як асабіста так і ў складзе калектываў больш за 50 праектаў жылых, грамадскіх і культавых будынкаў, генпланаў мікрараёнаў, аб’ектаў добраўпарадкавання, малых форм архітэктуры.
У 1986 годзе браў удзел у распрацоўцы генпланаў пасёлкаў у Гомельскай вобласці для перасяленцаў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сярод яго праектаў: першы ў Беларусі 12-павярховы жылы дом з сілікатных панэляў у 1982 годзе ў Гродне, 14-павярховы інтэрнат з блокам абслугоўвання ў Гродне, комплекс 7-9 павярховых дамоў у Слоніме, аддзяленне банку ў Навагрудку, добраўпарадкаванне санаторыя «Беларусь» у Друскенінкаі, рэстаўрацыя фасадаў помніка архітэктуры 16 стагоддзя царквы Барыса і Глеба ў Навагрудку, добраўпарадкаванне царквы Святой Вольгі і вадасвятнай капліцы Пакроўскага сабора ў Гродне. Памятны знак воінам Заходняга фронту, што загінулі ў Навагрудскім катле, капліца ў гонар 2000-годдзя Нараджэння Хрыстова ў Вілейцы, капліца Святых Барыса і Глеба ў Вілейцы, мемарыяльны комплекс «Памяці зніклых вёсак» у Вілейскім раёне.
Аўтар памятных дошак Ігнату Ходзьку і Пятру Машэраву ў Вілейцы, Піліпу Орліку ў Касуце, Нікадзіму Сілівановічу ў Цынчавічах, Льву Альпяровічу ў Куранцы, паўстанцам 1863 года ў Каралеўцах. Спраектаваў кафэ «Цяністыя алеі» з рэканструкцыяй фантана, рэканструяваў Цэнтральную плошчу Вілейкі і фантан на ёй, удзельнічаў у іншых архітэктурных і мастацкіх праектах.
Менавіта Анатоль Капцюг разам з Наталляй Яфімавай даказалі, што украінскі і расійскі першадрукар Іван Фёдараў нарадзіўся на Вілейшчыне.
У Анатоля Капцюга засталася жонка Таццяна і дачка Вольга. Калектыў рэдакцыі выказвае шчырыя спачуванні блізкім Анатоля Капцюга. Смуткуем разам з вамі.
Некалькі цытат з інтэрв’ю Анатоля Капцюга:
- Не раз заўважаў: як толькі вілейскі чалавек малюе, то звярніся да яго радаводу і абавязкова знойдзеш сільвановіцкія карані. Гэта ўжо нешта на генным узроўні.
- І што галоўнае: будынкі ведаюць, архітэктараў – не. Выйдзіце на вуліцу і спытайцеся ў людзей, хто спраектаваў, напрыклад, Нацыянальную бібліятэку. Вам наўрад ці адкажуць. Такі вось у нас лёс.
- Вельмі люблю, калі зробленае жыве. Неяк расказалі, што ў фантане, які праектаваў, моладзь ахалоджвае піва. Думаеце мяне гэта абурыла? Наадварот. Во, падумалася, не толькі фантан зрабіў, але і халадзільнік.
Матэрыял падрыхтаваны у тым ліку на аснове інтэрв’ю Аляксея Лужынскага ў выданні «Волат» №1 за 2011 год і публікацыі ў «Рэгіянальнай газеце» «Размова з дзядзькам Капцюгом» у 2009 годзе. Анатоль Іванавіч сам папрасіў гадоў пяць таму, што каб на развітанне з ім скарысталі гэтыя публікацыі.