Змена была насычанай. Фота nadeshda.by.

У дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры «Надзея» завяршыўся чарговы аздараўленчы праект, які ладзілі пры падтрымцы дабрачыннага нямецкага фонду «Жыццё пасля Чарнобыля» (Leben nach Tschernobyl) з Франкфурта-на-Майне. Дзякуючы праекту на Вілейшчыне папраўлялі здароўе дзеці з Гомеля і Гомельскай вобласці.

Як паведамляюць у цэнтры, праект ладзілі ад 17 кастрычніка да 9 лістапада. За 24 дні дзеці змаглі паправіць сваё здароўе, дзякуючы шматлікім медыцынскім працэдурам. У вольны час яны шпацыравалі па лесе і берагах Вілейскага вадасховішча, каталіся на роварах, займаліся на вулічных трэнажорах і спартыўных пляцоўках.

Педагогі адзначаюць, што гэта змена была насычаная. Ад пачатку лістапада скончылася першая чвэрць і пачаліся канікулы. Таму больш увагі надалі масавым мерапрыемствам, заняткам у гуртках, наведванню вяровачнага парку «Лесвіца ў неба». У канцы змены школьнікі падзяліліся, што хацелі б вярнуцца ў «Надзею» яшчэ.

Сумесны шпацыр. Фота nadeshda.by.

Нагадаем, што «Надзею» і фонд «Жыццё пасля Чарнобыля» звязвае партнёрства ў некалькі дзесяцігоддзяў. Яшчэ ў чэрвені 1990 года ва ўсходнім Берліне на канферэнцыі, што ладзілі Беларускі экалагічны саюз і праектная група «Жыццё пасля Чарнобыля», беларускія і нямецкія ўдзельнікі дамовіліся аб супрацоўніцтве. Тады ж і ўзнікла ідэястварэння дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра «Надзея», а дабрачынны фонд з Франкфурта-на-Майне стаў адным з заснавальнікаў.

На працягу існавання цэнтра фонд фінансава падтрымлівае аздараўленчыя праекты, шле ў цэнтр гуманітарную дапамогу. Летам «Надзея» атрымала з Германіі мэблю, ровары, страховачнае абсталяванне для вяровачнага гарадка, запчасткі для катла на дрывах, цацкі, адзенне.

• Текст доступен на языке: Русский