Каля 7 раніцы ў панядзелак праваахоўнікаў на месца здарэння выклікала прадавец кіёска «Табакерка», размешчанага на вуліцы Міра. Па словах жанчыны, у шапіку было разбіта шкло і адкрыта касавае акенца.
На месца здарэння неадкладна выбыла следча-аператыўная група.
Па прыбыцці супрацоўнікаў было ўстаноўлена, што невядомыя разбілі вітрыны і праніклі ў гандлёвы кіёск. Яны вынеслі цыгарэты, запальніцы і пачкі кантрацэптываў на агульную суму крыху больш за 1400 рублёў.
З месца крадзяжу ўзялі сляды і запіс з камеры відэаназірання, а таксама іншыя доказы злачынства. За ноч зламыснікі двойчы залезлі ў гандлёвае памяшканне і скралі адтуль тавар. Верагодна, думалі, што застануцца незаўважанымі, аднак увесь працэс аказаўся на відэа.
Каля чатырох раніцы спрацавала сігналізацыя ад разбітага вітрыннага шкла, але гэта не перашкодзіла аднаму з таварышаў залезці ўнутр кіёска і набіць сумку блокамі цыгарэт з прылаўка. Праз шэсць хвілін зламыснікі вярнуліся кампаніяй на месца здарэння, мабыць, здабычы ім аказалася мала – той жа смяльчак пайшоў на другі заход. Мужчына хапаў блокі тытунёвых вырабаў без разбору і праз разбітае акно падаваў саўдзельнікам. Аднак на гэты раз фартуна да іх не была добразычлівай і ларок ледзь не апынуўся пасткай – чалавек не змог пралезці назад і захрас. Тады шляхам адыходу зламыснік выбраў касавае акенца.
Па гарачых слядах аператыўнікам удалося высветліць асобы меркаваных налётчыкаў і затрымаць іх. Імі апынуліся чацвёра навучэнцаў мясцовага каледжа 16 і 15 гадоў. У ходзе правядзення ператрусу ў інтэрнаце, дзе пражываюць маладыя людзі, знайшлі і канфіскавалі частку скрадзенага. Па словах юнакоў, грошай на цыгарэты не хапала – вырашылі ўзяць на запас. Дзеянні крымінальнага квартэта праваахоўнікі кваліфікавалі па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнагша кодэкса – «Крадзеж».
У біяграфіі дваіх непаўналетніх гэта першы канфлікт з законам. У двух іншых, 15-гадовага ўраджэнца Валожынскага раёна і 16-гадовага падлетка з Мядзела дробныя крадзяжы ледзь не ператварыліся ў крымінальнае хобі. За супрацьпраўныя дзеянні яны неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Цяпер праваахоўнікі вызначаюць дачыненне падазраваных да іншых падобных інцыдэнтаў.