Фота teris.com.

У чацвер 26 лістапада 59 вучняў з першай і другой змены СШ №4 Маладзечна не прыйшлі на заняткі ў школу. Бацькі паведамілі, што ў дзяцей агульнае нядужанне. Медыкі знайшлі ў некаторых з іх ротавірусную інфекцыю, піша mlyn.by.

– Адзін хлопчык адчуў сябе нядобра яшчэ ў панядзелак, 23 лістапада, – распавядае начальнік упраўлення па адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Іна Драпеза. – На наступны дзень на дрэннае самаадчуванне паскардзіліся яшчэ некалькі дзяцей.

У сувязі са здарэннем дырэктар школы Уладзімір Філіповіч звярнуўся ў аддзел адукацыі, мы ў сваю чаргу – у Маладзечанскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, спецыялісты якога праводзілі мікрабіялагічнае даследаванне сутачных пробаў страў за ўчорашні дзень на прадмет узбуджальнікаў кішачнай інфекцыі. У гэты ж час у Мінску рабілі аналізы на вірусы.

Са слоў медыкаў, па дапамогу да іх за гэтыя чатыры дні звярнуліся бацькі толькі некалькіх дзяцей. Усе яны выклікалі доктара на дом. Нікога з школьнікаў не шпіталізавалі, паколькі сур’ёзнага страху няма. Многіх дзяцей бацькі пакінулі дома ў прафілактычных мэтах. Настаўнікі звязваліся з імі, у іх усё добра.

– Самае цікавае, што ні аднаму дзіцяці не стала дрэнна ў школе, – кажа Іна Драпеза. – Усе яны адчулі недамаганне ўжо дома, пасля заняткаў. Дактары, якія абследавалі дзяцей і паставілі дыягназ: ротавірусная інфекцыя.

Кіраўніцтвам упраўлення па адукацыі прымаюцца ўсе меры для таго, каб высветліць прычыны захворвання.

• Текст доступен на языке: Русский