Удзельнікі акцыі з вынікамі працы.

Існуе англійская прыказка: «Не выхоўвайце дзяцей, усё роўна яны будуць падобныя да вас. Выхоўвайце сябе». Гэта прыказка падышла для правядзення конкурсу ініцыятыў «Смеццевы аўдыт», прапанаванага арганізацыяй «Жывое партнёрства», у Радашкавіцкай сярэдняй школе.

10 кастрычніка ў школе сабралі валанцёрскую групу дзяцей і дарослых. 15 чалавек прыбралі сцёк мясцовай ракі Гуйкі і яе прыбярэжную тэрыторыю. Смецце пасартавалі і вывучылі па галандскай методыцы, старанна прааналізавалі, узважылі і падрыхтавалі для другаснай перапрацоўкі. Але мы не толькі сабралі і даследавалі смецце. Яшчэ вывучылі, як мікрапластык забруджвае вадаёмы і чаму гэта негатыўна адбіваецца не толькі на мясцовай флоры і фаўне, але і на чалавеку. Кожны ўдзельнік акцыі атрымаў буклет пра смецце.

Што сабралі з берагоў ракі

Пасля прыборкі ўдзельнікі запоўнілі спецыяльную форму. Згодна з ёй, сярод смецця, сабранага з берагоў ракі, былі бляшанкі, пластыкавыя бутэлькі ад напояў і гігіенічных сродкаў, пакеты, упакоўкі ад харчовых прадуктаў, вільготныя сурвэткі, аднаразовы посуд, будаўнічыя пальчаткі, акуркі, пара гумовых ботаў і рашотка для грыля.Вага смецця склала 34 кілаграмы.

Такія небяспечныя вільготныя сурвэткі

Сэнс аўдыту ў тым, каб зразумець, наколькі небяспечнае для навакольнага асяроддзя пакінутае смецце. Большая частка рэчаў, якія сёння аказваюцца выкінутымі ў месцах адпачынку, зробленая з палімерных матэрыялаў, гэта значыць, уяўляе розныя віды пластыку.

Вучні сартуюць смецце.

Курцы кідаюць акуркі на зямлю і думаюць, што тыя хутка перагніюць. Але цыгарэтныя фільтры ўтрымліваюць пластык і не раскладаюцца мікраарганізмамі. Такім чынам, акуркі – крыніца мікрапластыку, які забруджвае рэкі, моры і акіяны. Тое ж самае можна сказаць пра вільготныя сурвэткі. У адрозненне ад туалетнай паперы, яны доўгі час не раскладаюцца, а паступова распадаюцца на дробныя часцінкі таго ж пластыку. Важна не пакінуць гэта «дробнае» смецце, а прыбраць яго разам з пакінутым аднаразовым посудам, бутэлькамі, пакетамі і іншымі адходамі.

Знайшлі фасфаты і нітраты ў рацэ

Таксама мы правялі хімічны аналіз вады. Аказалася, у водах ракі ёсць фасфаты і нітраты. Гэта значыць, што вада забруджаная арганічным смеццем, якое вядзе да гніення. А гэты працэс забірае кісларод, які так важны насельнікам вадаёмаў.

Падчас акцыі дзеці і дарослыя зразумелі: прыбіраць смецце за іншымі не сорамна. Сорамна, яго пакідаць. А наперадзе ў нас – даследаванне і ліквідацыя прычын забруджвання і стварэнне экалагічнай сцяжыны.

Фотаздымкі забяспечаныя аўтарам.

 

• Текст доступен на языке: Русский