Вілейскі універмаг. На ганку - аўтаматы з газвадой. Фота з фондаў.

17 стагоддзе. Ніжні парк у Вілейцы. Гарадскі стараста Пётр Пац праз акно летняй рэзідэнцыі глядзіць на раку. А калі чоўны або плыты падыходзяць да месца, дзе вада хавае вялікі камень, высоўваецца з акна і крычыць: «Вяляй! Вяляй!» – аб’язджай, значыць. 

Такую гісторыю днямі я пачула ў Вілейскім краязнаўчым музеі ад дырэктара Надзеі Аўдзей. Сёлета Вілейка адзначае юбілей – 560 год з дня заснавання. Таму музей прапануе сваім наведнікам і вось такія гісторыі, і выставу дакументаў і артэфактаў, прысвечаную мінуўшчыне горада. А мы прапануем факты, пра якія даведаліся на выставе.

16 лістапада 1460 года – дата першага згадвання Вілейкі ў дакуменце

Менавіта гэту дату лічаць датай першага ўпамінання Вілейкі ў пісьмовых крыніцах. А сведчыць дакумент пра тое, што адбыўся межавы суд паміж Віленскім біскупствам і князем Войцехам Манівідавічам.   

Артэфакты 1930-х – нажніцы цырульніка і амбарны ключ.

Было два Куранцы – на Вяллі і на Пелі

Адразу паселішча на месцы Вілейкі называлася Стар Куранец або велікакняжацкі Куранец на Вяллі. Паралельна побач існаваў Куранец на Пелі – прыватная ўласнасць.

Ад 1613 года – Вілейка на старых картах

На картах ВКЛ Вілейка ўпершыню з’явілася ў 1613 годзе. Паселішча размяшчалася ў спрыяльным месцы – на правым беразе тады суднаходнай Віліі.

У 1795 годзе атрымлівае статус горада

Статус горада, нададзены Кацярынай Другой, спрыяў развіццю мясцовасці. З’яўляецца план забудовы Вілейкі.

Яго асаблівасць – прамавугольная планіроўка, якая захавалася і сёння. Гістарычны цэнтр горада быў прыкладна там, дзе сёння музей.

Герб горада з’явіўся ў 1796 годзе і практычна не змяніўся

Геральдычны сімвал падараваны Вілейцы 22 студзеня 1796 года. Выглядае ён наступным чынам – «у чырвоным полі – сярэбраная рака, па ёй плыве судна з цюком тавараў і залатым коласам пасярэдзіне». Практычна ў такім выглядзе герб існуе і сёння.

У Вілейцы раз на месяц ладзіліся «таргі»

Уласнікі горада мелі права ладзіць кірмашы. Так званыя «таргі» былі ў Вілейцы раз на месяц. Па словах Надзеі Аўдзей, людзі ішлі сюды не толькі, каб нешта набыць. На кірмашы даведваліся пра апошнія навіны.

Чыгуначны вакзал. Фота з фондаў.

Сённяшняя Савецкая называлася «Ад царквы да двара»

На ўвазе меўся двор вілейскага старасты Пятра Паца, што месціўся ў Ніжнім парку. Менавіта пад гэтай назвай вуліца ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах. У пачатку 20 стагоддзя дзякуючы яўрэям, якія жылі ў горадзе, вуліца вельмі ажывілася. Тут было шмат крамаў, кавярняў, цырульняў. Нажніцы, якія выкарыстоўваліся ў адным з тагачасных салонаў прыгажосці, вам пакажуць у музеі.

Вуліца Савецкая і рака Пляснянка на карціне Яўгена Валынца.

А яшчэ на вуліцы, якая пры Польшчы насіла імя Пілсудскага, месцілася фотаатэлье Беркі Бермана – будынак з балкончыкам, з якога было зручна здымаць горад.

У 1937 годзе Вілейка стала малой Венецыяй

Вясной Вілія і Пляснянка разліліся так, што затапілі вуліцу Пілсудскага. Па ёй плавалі на лодках. Гэта падзея зафіксаваная на фотаздымках Беркі Бермана.

Адпачынак у Вілейцы, на беразе Віліі, у 1930-х. Фота з фондаў музея.

Гарадскі стараста і яго памочнік мелі адмысловыя нагрудныя знакі

Адзін з такіх знакаў на сметніцы знайшлі школьнікі, якія прыехалі ў Вілейку адпачываць да бабулі. Гулялі, заўважылі металічны прадмет. Адмылі, адчысцілі. Ён аказаўся нагрудным знакам памочніка вілейскага старасты, датаваным 1892 годам.

Той самы знак памочніка старасты. Фота аўтара.

У 1930-х у Вілейцы жыла заможная сям’я Курыловічаў

Муж працаваў адвакатам, жонка – у канторы. У фондах музея ёсць іх сямейны альбом. На фота – з густам апранутыя людзі. Гэта члены сям’і і іх сябры з розных гарадоў Беларусі. Вядома, што Курыловічы выехалі з Вілейкі. А альбом у музей перадалі іх родныя.

Вілейскі парк прынцыпова не змяніўся за дзесяцігоддзі

Як адзначыла дырэктар музея, дрэвы, лавачкі, спуск да Віліі – усё гэта было ў парку 1930-х гадоў. Да сёння з тых часоў захаваліся тры бярозы, якія растуць побач.

У 1930-х на Вілейшчыне адзначалі свята мора

– Часам падаецца, што праводзіць нейкія масавыя мерапрыемствы, святы, імпрэзы мы дадумаліся толькі цяпер. А ў Вілейцы і Даўгінаве людзі амаль сто год таму адзначалі свята мора, – расказала дырэктар музея.

У фондах ёсць фотаздымкі з гэтай падзеі. Вілейчукі прыходзілі на бераг Віліі, купаліся, ляпілі фігуры з пяску. Ёсць фота вілейчукоў на фоне вялікага пясчанага кракадзіла.

У 1960-1970-х гадах тут працавалі мастакі Іван Патапчук і Мікалай Уладыка

У 1960-х у Вілейку прыязджае мастак Іван Патапчук. Ён працуе настаўнікам рысавання ў школе-інтэрнаце. Рысуе партрэты вучняў, віды Вілейкі. Яго калега, Мікалай Уладыка, працуе ў вілейскім кінатэатры «Мір». Ён стварае там афішы.

Мікалай Уладыка. Партрэты сына і дачкі.
А вы гулялі ў такія цацкі? Фота аўтара.

Колькі ж дакладна год Вілейцы

Сёння адлік гісторыі Вілейкі вядзецца ад лістапада 1460 года. Хаця доўгі час датай першай згадкі пра Вілейку лічыўся 1567 год – дата, калі ў «Літоўскай метрыцы» ўпершыню ўпамінаецца мястэчка Куранец на Вяллі, або Куранец каралеўскі. Такую назву Вілейка мела да 17 стагоддзя. У 1617 годзе з’явілася новая назва – Вілейка.

– Аднак горад узнік не на пустым месцы, – кажа Надзея Аўдзей. – Ён заснаваны там, дзе ў 12 стагоддзі ўжо было сяло, а ў 14 – двор. Таму гаворачы пра дату нараджэння Вілейкі, варта гаварыць пра генезіс – працэс утварэння гэтага населенага пункта.

Вуліца 1 Мая. 1960-я гады. Фота з фондаў.

• Текст доступен на языке: Русский