У канцы лістапада валанцёры разбілі лагер на рацэ Тартак Астравецкага раёна. Неабыякавыя да праблем стронгі людзі сабраліся, каб абараніць рэдкую рыбу ў час нерасту ад браканьераў.

Канец восені – час, калі ў Вілію і яе прытокі прыплывае нерасціцца кумжа і стронга. Астравеччына і Вілейшчына з’яўляюцца адзінымі раёнамі ў Беларусі, дзе адбываецца нераст гэтых ласасёвых рыб.

Для таго, каб тут нерасціцца, рыба праплывае ад Балтыйскага мора каля 500 кіламетарў. Гэта адзін з самых доўгіх міграцыйных шляхоў рыб у свеце.

У гэты час актывізуюцца браканьеры, якія ловяць рыбу і гэтым спыняюць нераст. Такім чынам і так рэдкая рыба не атрымлівае шанец на распаўсюджванне.

Каб выратаваць рыбу ад знішчэння, валанцёры патрулявалі рэкі Тартак, Страча і Вілія, а таксама іх прытокі. Для гэтага яны хадзілі ўначы з ліхтарыкамі, каб адпудзіць браканьераў.

Сярод валанцёраў сёлета былі навучэнцы вілейскай школы-інтэрната разам з Міхасём Петухам і выхавальнікам школы-інтэрната Іванам Кавалышаным.

Падчас працы лагера абмяркоўвалася пытанне небяспекі Беларускай АЭС пад Астраўцом. Эколагі апасаюцца, што працуючай АЭС можа спатрэбіцца зрабіць аварыйны зліў вады. Стронга і кумжа вельмі адчувальныя да перападаў тэмпературы. Калі вада ў рэках пацяпелее, малькі не выжывуць. У такім выпадку праз некалькі год не будзе каму вяртацца ў Балтыку, і прыроднае кола перарвецца.

Працу лагера падтрымаў праект “Жывое партнёрства”.

стронга
Фота Аляксандры Парахні.

• Текст доступен на языке: Русский