Галоўны трэнер «Дынама-Маладзечна» Канстанцін Кальцоў. Фота прэс-службы «Дынама-Маладзечна».

Галоўны трэнер «Дынама-Маладзечна» Канстанцін Кальцоў падпісаў праўладны ліст спартсменаў. Аб гэтым паведамляе «Трыбуна».

— Мы працуем для таго, каб перамагаць на спартыўных арэнах, а не на палітычных арэнах, таму, у прынцыпе, я за тое, каб не агітавалі супраць спартсменаў. Я ведаю, што цяпер шмат крытыкі на адрас спартсменаў, таму я за тое, каб спорт быў па-за палітыкай, — пракаментаваў падпісанне ліста Кальцоў Беларусь 1.

Праўладны ліст спартсменаў з’явіўся ў папяровай версіі «Спартыўная Панарама», які выдае Мінспорту. Спачатку пад ім падпісаліся ўсяго пяць спартсменаў. Па словах намесніка міністра спорту Аляксандра Бараўлі, на 29 лістапада гэты ліст падпісалі дзве з паловай тысячы чалавек.

Па інфармацыі «Трыбуны» аўтарам праўладнага ліста з’яўляецца Уладзімір Пехцераў — галоўны рэдактар «Спартыўнай Панарамы». Ліст быў напісаны больш за месяц таму і ўвесь гэты час праходзіў узгадненне ў Міністэрстве спорту і Нацыянальным алімпійскім камітэце.

У жніўні беларускія спартсмены арганізавалі Свабоднае аб’яднанне спартсменаў. Ад аб’яднання яны напісалі адкрыты ліст да ўлады, у якім заклікалі правесці новыя выбары і выступілі супраць гвалту. Цяпер пад гэтам лістом больш за 1200 спартсменаў, трэнераў і спартыўных журналістаў.