Фота Дзмітрыя Карпава. Вучні залесскай школы ахвотна фатаграфаваліся з Мумі-мамай.

Прадстаўнікі Аддзялення амбасады Фінляндыі ў Беларусі зладзілі для вучняў залесскай школы Смаргонскага раёна свята культуры нардычнай краіны.

Імпрэза ў межах правядзення выставы коміксаў «Мулі-троль і камета» прайшла ў залескай школе ў суботу, 28 лістапада. На сустрэчу са школьнікамі прыехала каардынатрка праектаў амбасады Вольга Рызмакова і некалькі сябраў фінскага клубу ў Мінску. У школе сабраліся вучні пачатковай школы – дзеці ад шасці да 11 гадоў.

Сёлета мумі-тролі, створаныя фінскай пісьменніцай і мастачкай Тувэ Янсан, святкуюць 75-годдзе.

Пра тое, якой была сустрэча, расказала Вольга Рызмакова.

Залескія вучні з цікавасцю паслухалі гісторыю стварэння чароўнага свету Даліны мумі-троляў, а таксама змаглі паспрабаваць шчасця ў віктарыне на веды аб Фінляндыі: найбольш эрудыяваныя і зацятыя выйгралі прызы ад Аддзялення амбасады. Кожны вучань атрымаў у падарунак маляўнічыя брашуры пра Фінляндыю і змог пачаставацца на салодкім стале.

Фота Дзмітрыя Карпава.
Фота Дзмітрыя Карпава.

Аднак найвялікшым падарункам дзецям была сустрэча з роставай лялькай Мумі-мамы – да яе адразу стварылася чарга як дзяцей, так і дарослых, бо ўсім хацелася сфатагравацца з Мумі-мамай.

У час каронавірусных абмежаванняў Аддзяленне амбасады вырашыла не праводзіць шматлюдныя мерапрыемствы ў абласных цэнтрах, а замест гэтага арганізавалі экспазіцыю выставы мумі-коміксаў ў невялікіх населеных пунктах. Падарожжа Мумі-троля пачалося ў жніўні з барысаўскай бібліятэкі. Пасля мумі-коміксы завіталі ў Смаргонь. Іх можна было ўбачыць у лістападзе ў мясцовай бібліятэцы, а таксама ў гімназіі.

– Мы былі радыя магчымасці паказаць выставу ў Залессі, бо акрамя выдатнага музея-маёнтка Агінскага Залессе можа па праву ганарыцца сваёй цудоўнай школай! – каментуе каардынатарка праектаў амбасады.

Школьнікі малодшых класаў пакуль няшмат ведаюць пра іншыя краіны, у тым ліку і Фінляндыю. Нават пра мумі-троляў большасць з іх упершыню даведалася толькі дзякуючы выставе.

Фота Дзмітрыя Карпава.

– Спадзяюся, хтосьці з дзяцей пасля нашай сустрэчы натхніўся на тое, каб самастойна прачытаць кніжкі аб прыгодах жыхароў Даліны мумі-троляў, да таго ж гэта можна зрабіць цяпер і па-беларуску, – кажа Рызмакова.

Мы запыталіся ў спадарыні, што яднае беларусаў і фінаў:

– На маю думку, у першую чаргу, нас яднае любоў да прыроды сваёй краіны, а таксама павага да нацыянальнай культуры і гісторыі.

Выстава мумі-коміксаў працягне сваю вандроўку і адправіцца ў Салігорск. Ёсць таксама дамовы і з іншымі гарадамі.

• Текст доступен на языке: Русский